У цудоўным кутку Магілёўшчыны, які падараваў нам шмат яскравых імёнаў, нарадзіліся многія творцы. Сярод іх — Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Васіль Хомчанка, Аляксей Русецкі, Алесь Пісьмянкоў. Адметнымі тэмамі свята кнігі гэтым разам стануць Год беларускай жанчыны, 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Пяцігодка якасці, юбілеі класікаў беларускай літаратуры. У гэты раз у цэнтры ўвагі — юбілеі Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча, Івана Мележа. Распавядаем, чым будзе здзіўляць свята кнігі…

Галоўнай адметнасцю, якая з’явіцца ўпершыню, стане музей рэдкай кнігі на плошчы больш за 300 квадратных метраў. Тут размесцяцца ўнікальныя факсімільныя выданні і сапраўдныя старадрукі, сабраныя вядучымі музеямі і бібліятэкамі краіны. А госці і ўдзельнікі свята кнігі атрымаюць магчымасць убачыць у адным месцы каштоўныя экзэмпляры, якія звычайна захоўваюцца толькі ў закрытых фондах.
Сэнсавым цэнтрам Дня беларускага пісьменства стане Фестываль кнігі і прэсы. Тут будуць працаваць тэматычныя экспазіцыі, музеі пад адкрытым небам, пройдуць кніжныя прэзентацыі і творчыя сустрэчы. Можна будзе наведаць рэгіянальныя і ведамасныя павільёны.
Асаблівасцю «Кабінета пісьменніка» стануць упершыню выстаўленыя асабістыя рэчы, рукапісы і архіўныя дакументы нашых славутых аўтараў.
На галоўнай плошчы Касцюковічаў адкрыюць фантан і скульптурную кампазіцыю «Алесь і Алеся», натхнёную творам народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Адзін з дамоў горада ўпрыгожыць мурал, прысвечаны таленавітым выхадцам Касцюкоўшчыны. Таксама будзе адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава. Дарэчы, ужо зараз горад упрыгожылі незвычайныя прыпынкі: на іх размешчаны партрэты вядомых пісьменнікаў нашай краіны.
Рухаемся далей
Вядома ж, будзе здзіўляць сваёй адмысловай праграмай Магілёўская вобласць. Магілёўшчына прэзентуе маштабны праект, дзе кожны раён вобласці прадставіць уласную экспазіцыю пра развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў рэгіёне. У горадзе майстроў на пешаходнай вуліцы ўмельцы з усёй краіны пакажуць свае рамёствы. На тэматычным кірмашы можна будзе набыць упрыгожванні, абярэгі і прадметы інтэр’еру ручной працы. Асобная пляцоўка традыцыйнай беларускай кухні прапануе стравы рэгіёна, прыгатаваныя паводле старадаўніх рэцэптаў у печы.
Свята абяцае быць вельмі цікавым і насычаным яшчэ і таму, што ўся краіна даведаецца імёны пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Традыцыйна падчас Дня беларускага пісьменства праходзілі сустрэчы Мікалая Чаргінца з чытачамі. Сёлета 5 верасня на свяце адбудзецца вечар памяці «Дарогамі жыцця Мікалая Чаргінца». Чакаецца, што ў ім прыме ўдзел наш славуты зямляк, кампазітар Эдуард Ханок.
Берасцейскае слова
Яно таксама яскрава загучыць на Дні беларускага пісьменства. Паводле слоў старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Дземідовіч, у аснове праграмы — Год беларускай жанчыны. Таму на пляцоўцы Першага рэгіёна прагучаць вершы, прысвечаныя вядомым жанчынам нашай краіны, а таксама пройдзе аўтограф-сесія жанчын-пісьменніц. Чакаецца, што сваёй творчасцю парадуюць наведвальнікаў свята Зінаіда Дудзюк, Аксана Валуй і іншыя майстры слова Брэстчыны.

Сярод тых, хто прадставіць наш рэгіён на Дні пісьменства, — абласная бібліятэка імя Горкага. Галоўны дом кнігі Першага рэгіёна таксама падрыхтаваў яркую праграму. Праз яе бібліятэка раскажа пра літаратуру, культуру, гісторыю і нават прадпрыемствы Брэстчыны.
Вядома ж, і гэта яшчэ не ўсё. Пра падрабязнасці Дня беларускага пісьменства мы раскажам у наступным нумары «БВ». Акрамя гэтага, пра тое, як праходзіць свята кнігі і чым яшчэ будзе здзіўляць Першы рэгіён у Касцюковічах, можна будзе даведацца ва ўсіх сацсетках нашай газеты непасрэдна падчас урачыстасцей.