• RU
  • BLR
Суббота, 8 Августа

Таццяна Дземідовіч раскрыла адзін з сакрэтаў пісьменнікаў

Вялiкае інтэрв’ю са старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.

Таццяна Анатольеўна, за плячыма творчай суполкі некалькі дзясяткаў. За гэты час шмат напісана і надрукавана, захавана і створана… 

Смела можна сказаць, што праца ідзе без адрыву ад часу, расшырае межы. Зараз мы маем праекты, якія вядомы не толькі на Берасцейшчыне. Адзін з іх — рэспубліканскі літаратурны конкурс гумару «Папяровы бусел». Ён, дарэчы, адзіны ў нашай краіне. І мы яго заснавальнікі.

Набытак — літаратурны конкурс «Духоўная веліч». Праект заснаваны ў 2018 годзе абласным аддзяленнем СПБ, галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай і Пінскай епархіямі і Беларускім фондам міру.

Знакавы для нас сумесны праект з ЦМТ — конкурс выразнага чытання «Зорны спеў». Пад час яго юныя жыхары Першага рэгіёна дэкламуюць вершы аўтараў Берасцейшчыны. Праект стаў добрым прыступкам, каб падысці да рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка», пераможцы якога паказваюць свае здольнасці падчас  Дня беларускага пісьменства. Прыемна, што і ў нас ёсць пераможцы. Дарэчы, мы маем і лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі — гэта Зінаіда  Дудзюк і Валерый Грышкавец.

Нядаўна аддзяленне ўзбагаціў і рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі ў Новай Мышы «Роднай Мышанкі абшары».

Працягваецца і закладзенае. Гэта выпуск унікальнага, адзінага ў рэспубліцы альманаха «Астрамечаўскі рукапіс», конкурс прэміі імя Калесніка і многае іншае.

Усё цячэ, усё мяняецца… Як час змяніў пісьменніка? Дзе яго зараз можа сустрэць чытач?  

— Безумоўна, бачныя змены. Можна сказаць, што пісьменнік стаў больш мабільны, бо не можа працаваць у адрыве ад часу. Імкнецца знаёміць са сваёй творчасцю не толькі праз друк, але і на прасторы Інтэрнэту.

Калі казаць пра якасці, то гэта чалавек, які валодае талентам, працавітасцю і назіральнасцю. Ён сапраўдны псіхолаг. Але знешне — гэта звычайны чалавек, які нічым не адрозніваецца ад іншых людзей. Адзначу, чым ён мае большы талент,  тым  больш сціплы, нават можа сумнявацца ў сваіх здольнасцях, творчасці.

Ну а сустрэць нашых аўтараў можна на розных мерапрыемствах вобласці, рэспублікі, часам за яе межамі. Наша аддзяленне вельмі актыўнае. Праводзім каля тысячы сустрэч у год. Мы адкрыты як для дзіцячай аўдыторыі, так і дарослай. Прыемна, што нас ведаюць і запрашаюць. Радасна, што  нашы пісьменнікі лаўрэаты не толькі рэспубліканскіх конкурсаў, але і міжнародных. Напрыклад, у мінулым годзе  48 літаратараў былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню, а ў аддзяленні нас – 51 чалавек.

  Калі вярнуцца яшчэ да партрэта пісьменніка… То ў Год беларускай жанчыны, цікава ведаць, якая ж беларуская жанчына-пісьменніца?

—  Гэта не тая пісьменніца, якая ў поўнай моцы аддаецца літаратуры. На першым месцы ў яе знаходзіцца сям’я — гэта асноўнае яе натхненне. Канешне, гэта моцная жанчына: ведаем, колькі часу займае выхаванне дзяцей, паўсядзённыя справы, асноўная праца… Але, нягледзячы на гэта, яна знаходзіць час на ўласную творчасць.

І ўвогуле, беларуская жанчына — гэта чараўніца, бо ёй падуласна амаль усё. Добры прыклад — жанчыны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яны гадавалі дзяцей, чакалі мужоў, самастойна спраўляліся з выпрабаваннямі жыцця…

Пісьменніцкая задача ў гэты год і далей паказваць праз творчасць  моц беларускай жанчыны.

Хто выклікае ў чытача найбольшую цікавасць: празаік, паэт, публіцыст, дзіцячы аўтар?..

— Большасць сустрэч праходзіць у дзіцячай аўдыторыі. Цікава тое, што дзіцячую кнігу чытаюць і дарослыя.

Запатрабаваны публіцыстычныя і краязнаўчыя творы. Людзям цікава ведаць пра гісторыю, культуру, традыцыі свайго краю, малой радзімы, і ўвогуле краіны ў цэлым.

Цікавасць ёсць і да празаічных твораў. Аднак з імі  не так шмат працуе пісьменнікаў. Справа ў тым, што проза займае шмат часу, а ганарары пасля выдання кнігі мізэрныя. Альбо  пісьменнік мае толькі некалькі аўтарскіх экзэпляраў кніг. Ад гэтага не кожны здольны ахвяраваць уласным часам.

Цяжка зацікавіць паэзіяй. Магчыма, таму што не кожны мае талент зразумець прыгажосць лірычнага радка. Праблема яшчэ і ў тым: сёння хто і сам піша вершы, не хоча чытаць тое, што стварылі класікі ці вядомыя сучаснікі. Асабліва гэта выява пачынальнікаў. А для таго, каб развівацца ў творчасці, трэба чытаць іншых. Потым зрабіць вынік: на колькі ты якасна пішаш адносна таго, што сустрэлася на старонках кніг вядомых аўтараў.

Калі гаварыць у цэлым пра кнігавыданне, то творчасць нашых пісьменнікаў прадстаўлена ў розных жанрах. Кожны год мы выдаём каля 25 кніг. Так, за мінулы год выйшла 15 аўтарскіх кніг, чатыры калектыўных альманахі,  адзін калектыўны зборнік. Самы вялікі тыраж — дзве тысячы аднаго выдання, што вельмі добра па сенняшнім меркам.  Агульны тыраж выданняў склаў  8686 экзэмпляраў.

Творы некаторых нашых аўтараў пабачылі свет у часопісах і альманахах Расіі.

Якая ўвага надаецца маладым аўтарам? Ці ёсць сярод іх, скажам, яшчэ адзін Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч  

— Пільна працуем і з маладымі творцамі. Увага ім як на рэспубліканскім узроўні, так і рэгіянальным. Напрыклад, адзін з праектаў — конкурс маладых літаратараў «Маладзік». Гэта сумесны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдавецкага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Мастацкая літаратура», часопіса «Маладосць», ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Адзначу, што нашы маладыя аўтары актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, займаюць прызавыя месцы. Іх творчасць можна сустрэць не толькі на старонках рэгіянальных, але і рэспубліканскіх выданняў. Канешне, мы зацікаўлены падтрымліваць моладзь, бо менавіта яна працягне нашу творчую справу.

Што адносна будучых класікаў… Моладзь таленавітая, мае ўсе прадпасылкі для таго, каб стаць вядомымі аўтарамі, але дакладна скажа толькі час.

Міжнародныя стасункі…

Яны таксама маюць плённы вынік. Так, напрыклад, у мінулым годзе абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі далучылася да 13-ці міжнародных круглых сталоў, у тым ліку з Саратавым, Нефцеюганскам, Наварасійскам, Уфой, Астраханню, Санкт-Пецярбургам, Масквой, Калінінградам… У аснове іх — абмен творчым вопытам, развіццё літаратурных стасункаў.

Акрамя гэтага, нашы пісьменнікі ўдзельнічаюць у міжнародных выдавецкіх праектах. А фантаст Сяргей Белаяр актыўна супрацоўнічае з выдаўцамі Крыма, Краснаярска, Валгаграда.

Прыемна тое, што да аддзялення далучыўся жыхар Расійскай Федэрацыі Аляксандр Макаранкаў. Ён так захапіўся Першым рэгіёнам, што нават стаў пісаць на беларускай мове.

А як быць старшынёй творчай суполкі на працягу амаль дзесяці год?

— Гэта пасада, дзе патрэбна працаваць з душой. Яна дала мне вопыт працы з людзьмі, новыя адкрыцці, бо кожны чалавек — гэта новы сусвет. Ды ўвогуле, калі казаць пра калектыў… Кожны з нас мае дзве сям’і: уласную і літаратурную. Мы адчуваем, што адзін аднаму патрэбныя. Кожны дзень знаходзімся ў кантакце. Калі доўга не сустракаліся, то ўзнікае запатрабаванасць убачыць адзін аднаго, распавесці пра сваю творчасць ці нават проста пра нешта пагутарыць. І такая запатрабаванасць ад таго, што толькі літаратар можа добра зразумець літаратара.

Акрамя гэтага, аддзяленне дапамагае раскрыцца ў поўнай моцы пісьменніку, бо тут і выступленні, сустрэчы, выхад кніг, планы… Загараецца сапраўдны агеньчык, які дапамагае і натхняе пісьменніка.

Як маці за дзяцей, так і я радуюся за нашых пісьменнікаў, хвалююся, калі нешта не так адбываецца… Бальзам на душу, калі пасля іх сустрэч мне тэлефануюць людзі, каб выказаць словы ўдзячнасці і захаплення. І гэта ўсе нездарма, бо кожны з іх — таленавіты, незвычайны, чалавек з вялікай душой!

Наталля ШЛЯЖКА

Фота з архіва Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ