• RU
  • BLR
Среда, 12 Февраля

СТВАРЫЦЬ ЯГО МОЖА КОЖНЫ ЖАДАЮЧЫ

І гэтаму прыклад — каля сарака выцінанак пятнаццацігадовай брэстаўчанкі, навучэнкі ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста Эвяліны Аляшкевіч.

Творы юнага таленту прадстаўлены ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна. Тэхніка выцінанак розная. Тут можна ўбачыць сіметрычную ці люстраную кампазіцыю. Матывы карцін з паперы — Каляды, жывёлы і птушкі, кветкавыя кампазіцыі, Вялікдзень. Вылучаецца сярод работ выцінанка «Дрэва жыцця». Па словах Эвяліны Аляшкевіч — гэта яе самая любімая праца. А вось да самых капрызных яна аднесла жоўтых матылькоў. Гэта выцінанка атрымала такі «статус» з-за мудрагелістых ўзораў, якія было не так проста выразаць. Варта адзначыць і тое, што юная майстрыха ўнесла ў працы і сваю рысу: большасць з іх яна стварыла з каляровай паперы.

Выцінанка — гэта захапляльны від мастацтва, які, дарэчы, нядаўна быў унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты від мастацтва прыцягнуў Эвяліну Аляшкевіч маленькімі дэталямі, а яшчэ і тым, што ён вучыць цярпенню, стымулюе любую працу даводзіць да свайго канца. Пачынала яна, калі вучылася ў чацвёртым класе:  выразала з паперы сняжынкі нажніцамі. Да сваіх 15 гадоў дзяўчынка асвоіла няпростыя, тэматычныя ўзоры, якія стварае ўжо пры дапамозе скальпеля і канцылярскага нажа.

Выцінанка  гэта мастацтва выразання карункавых узораў з белай і каляровай паперы. Яно ўзнікла ў нашай краіне недзе ў XVI стагоддзі. Выцінанкі выкарыстоўваліся па-рознаму. Напрыклад, карункавыя папяровыя вырабы служылі ўпрыгожваннем дома і абярэгам для жыхароў. Варта адзначыць, што беларуская выцінанка мае адрозненні ад створаных у іншых краінах свету. Наша выцінанка вытанчаней, у яе больш плаўных ліній. Асноўныя беларускія колеры белы, чорны, чырвоны, з невялікімі ўкрапінамі іншых спакойных таноў. Да таго ж у нас унікальныя знакі, арнаменты, традыцыі, тэхнікі выразання ўзораў.

Найбольш шырока выцінанка выкарыстоўвалася нашымі продкамі ў пазамінулым і мінулым стагоддзях. У канцы 2020 года была адноўлена як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Эвелина Олешкевич

 

Хобі Эвяліны Аляшкевіч падтрымліваюць і яе бацькі. Паводле слоў Ганны Аляшкевіч, маці юнай майстрыхі, яны ўвесь час купляюць інструменты і матэрыял, дый неабходную літаратуру для працы. Акрамя гэтага, бацькі сумесна з узорнай студыяй, дзе займаецца дзяўчына, ініцыявалі выставу.

Талент Эвяліны адзначылі і госці, якія прыйшлі на адкрыццё папяровага вернісажу. Прыемна, што звярнулі ўвагу на здольнасці юнай брэстаўчанкі не толькі маладыя людзі, але і старэйшае пакаленне. Ну а кветкі і падарункі разам з віншаваннямі надалі мерапрыемству асаблівае зачараванне і пакінулі яркія ўражанні ў юнага талента любімага Брэста.

Выстава працуе да 31 студзеня.

Наталля КАНАНОВІЧ

Фота Дыяны РАМАНАВАЙ