Пад такой назвай выйшаў у свет зборнік вершаў членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Прэзентацыя выдання адбылася ў гарадской бібліятэцы. Аўтары Першага рэгіёна прысвяцілі зборнік 85-годдзю ўтварэння Брэсцкай вобласці і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Па словах старшыні абласной творчай суполкі Таццяны Дземідовіч, пісьменнікі з гонарам працягваюць працу сваіх папярэднікаў, тых, хто захоўваў духоўную спадчыну нашых продкаў, прымнажаў іх набыткі, услаўляў будні рупліўцаў зямлі роднай, баявы подзвіг беларускага народа, прыгажосць дарагіх сэрцу краявідаў.
У далекія суровыя гады паэты балюча перажывалі за лёс любай краіны, а іх паэтычныя радкі сёння гучаць як запавет берагчы мілы край ад гора і бяды ды напоўніць сваё жыццё стваральнай працай. Ну а шчыры, высакародны заклік «За Радзімы жыццё!», які, па сутнасці, яднае сабраныя пад адной вокладкай творы, — гэта радкі з верша Валянціна Таўлая «Ранак перамогі».
«У віры значных падзей нашай краіны і Першага рэгіёна зборнік стане добрым падарункам для юных і дарослых жыхароў вобласці. Бо сапраўды, толькі кніга можа захаваць Памяць так аб’ёмна, эмацыйна прачула, глыбока і вобразна данесці нашчадкам непасрэдныя ўражанні ад убачанага і перажытага, хваляванні, надзеі, цёплыя словы падтрымкі старэйшага пакалення. Спадзяемся, што праз дзесяцігоддзі чытачы ацэняць і наш паэтычны ўклад у гісторыю Брэстчыны», — адзначыла старшыня.
Прэзентацыя ўключыла чытанне аўтарамі (сярод іх і берасцейскія пісьменнікі) лірычных радкоў, якія ўвайшлі ў новае выданне. Гучалі вершы пра Вялікую Айчынную вайну, прысвечаныя Брэсту, Брэсцкай крэпасці, яе абаронцам і, канешне, нашай любай Радзіме.
Акрамя гэтага, пад час прэзентацыі былі агучаны вынікі працы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за мінулы год. Яны паказалі плённую дзейнасць. За дванаццаць месяцаў было выдадзена 16 аўтарскіх кніг, тры калектыўныя зборнікі, пяць альманахаў. Творцы Першага рэгіёна сталі ўдзельнікамі больш за 700 розных сустрэч. Выступілі ў друку і на інтэрнэт-рэсурсах больш за 900 разоў. Правялі восем конкурсаў. За сваю плённую працу і талент атрымалі 45 узнагарод рознага ўзроўню.
Наталля ШЛЯЖКА
Фота аўтара