• RU
  • BLR
Суббота, 19 Апреля

БУРАНАЎСКІ? НЕ, ПРЫБУЖСКІ

Фальклорны калектыў з Чэрска крочыць з песняй па Брэсцкаму раёну.

Так склалася, што з нядаўняга часу ён стаў яркай старонкай творчага жыцця Прыбужжа, таму пра яго хочацца распавесці іншым. Удзельнікі калектыва — гэта таленавітыя людзі, якім за 60+ і 70+ гадоў. Дарэчы, выканаўцы з Чэрска ў нечым крышачку падобныя да творчага калектыву «Буранаўскія бабулі». Памятаеце іх яркія музычныя нумары не толькі на расійскай сцэне, але і на замежнай? Ох, і хораша спявалі  гарэзныя і таленавітыя бабулькі старадаўнія фальклорныя і не толькі песні на роднай удмурцкай мове. Вось і наш прыбужскі калектыў сваім выкананнем проста зачароўвае публіку рознага ўзросту. Вясёлыя, актыўныя, напоўненыя мудрасцю, а часам і сумныя — іх выступленні проста не могуць не браць за душу кожнага прысутнага на канцэрце.

 

Пра стварэнне калектыву

 

А вось пра гэтае дый многае іншае распавяла карэспандэнту «БВ» яго кіраўнік Вольга Стаднік.

Гісторыя творчай суполкі з Чэрска бярэ пачатак з даўняга мінулага. «Так склалася, што спакон вякоў наша вёска выдзялялася тым, што яе жыхары любілі спяваць. Песні гучалі ў полі пад час працы, у лесе, на выпасе статка, — прыгадвае кіраўнік. — Пасля цяжкага працоўнага дня збіралася моладзь на вячоркі. Спявалі так, што чутно было ў суседніх вёсках. Па ўспамінах старэйшых жыхароў нашага Чэрска вядома, што летам з кожнай суседняй вёскі выходзіла моладзь на бераг ракі Капаюўкі і спявала — хто каго пераспявае. І ведаеце, заўсёды ўсіх перамагаў Чэрск!»

Вольга Стаднік таксама расла ў сям’і, дзе спявалі. Выдатнымі выканаўцамі былі яе бабуля Фядора і матуля Ганна. Менавіта ад матулі яна запісала ажно за сто песен. А яны ў Чэрску гучалі розныя. Напрыклад, спявалі пра пачатак і канец палявых работ, шчадроўкі і калядкі, пятроўскія і купалаўскія, зажынкавыя і дажынкавыя, вясельныя і хрысцільныя песні. Аднак больш за ўсё ў Чэрску любілі выконваць народныя лірычныя песні. Па словах маёй суразмоўцы, народная песня — гэта галоўны выразнік пачуццяў. «Яна сабрала ўсе багацці, красу і праўду. У ёй чуюцца і слёзы маткі, і радасць брата, і надзея сястры… Таму народная песня такая зразумелая, родная і блізкая сэрцу. Ёсць у нас і найбольш любімая з іх. Так, напрыклад, ні адно свята ці вяселле не абыходзіцца без песні «У канцы грэблі шумяць вербы», — тлумачыць Вольга Стаднік.

Цікавы момант і у тым, што спяваюць у Чэрску «Цячэ рэчка невялічка з вішнёвага саду» — любімую песню Паліны Грахольскай, выхавальніцы Дамачаўскага дзіцячага дома, якая была забіта фашыстамі пад час Вялікай Айчыннай вайны…

 

Па вуліцах, па хатах

 

Час ішоў, а разам з ім крочыла любоў да песні. Менавіта гэтае пачуццё стала для Вольгі Стаднік пасылам прыняць удзел у раённым фестывалі народнай песні ў гарадскім пасёлку Дамачава. «Па іншаму і не магло быць, — тлумачыць яна, — бо гэта наш абавязак перад бацькамі, людзьмі, якія  жывуць і жылі ў Чэрску. Так я пайшла па вёсцы шукаць аднадумцаў. Не ўсе падтрымалі маю ідэю. Адгукнуліся самыя адданыя, гонар Чэрска. Нашы залатыя галасы: Мікалай і Святлана Харс, Марыя Федарук, сёстры Марыя і Таццяна Герасімчук… Усе яны ў свой час спявалі ў розных творчых калектывах Брэста. Выступалі не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. А Ганна Карнялюк, Аляксандра Супрунюк, Валянціна Стаднік і я спяваем яшчэ ў царкоўным хоры», — распавядае мая суразмоўца.

Дарэчы, апошняму моманту таксама патрэбна надаць увагу. Бо ва ўсе часы Чэрск славіўся хорам Свята-Міхайлаўскай царквы. Пеўчых выбіралі для яго толькі самых лепшых. Запрашалі хор выступаць нават на тэлебачанне. Славу мае і храм. Ён быў пабудаваны на рубяжы XVII-XVIII вякоў, да 1701 года. З’яўляецца помнікам архітэктуры з характэрнымі рысамі драўлянага дойлідства беларускага Палесся.

 

Працяг у прыемнай мітусні

 

Калектыў склаўся. Пасля гэтага закіпела праца над рэпертуарам, а затым пачаліся рэпетыцыі. Разам з гэтым ішоў падбор касцюмаў. І ў гэтай справе ўдзельнікам фальклорнага калектыву дапамаглі створаныя рукамі матуль і бабуль строі. Прыгожыя вышытыя сукенкі, сарочкі дый іншыя элементы адзежы стварылі непаўторныя вобразы. А разам з выкананнем песень глядач адчувае неверагодную гармонію мінулага і сучаснага.

Нарэшце калектыў выступіў на ўра на фестывалі ў Дамачава. Не раз спяваў на мерапрыемствах у Чэрску і суседніх вёсках. І кожнае выступленне кранала і кранае сэрцы слухачоў. Кожны падараваны музычны нумар — гэта невялікая гісторыя жыцця, дзе выразна праяўляецца любоў да роднай старонкі, людзей, прыроды… Канешне ж, прысутнічае ў песнях каханне, як жа без яго.

Цудоўная ідэя Вольгі Стаднік дорыць радасць людзям. Выразна, тонка, глыбока гучаць песні ў выкананні фальклорнага калектыву. А інакш і не можа быць, бо толькі роднае можа па-сапраўднаму саграваць, надаваць моцы і натхнення кожнаму чалавеку. І хто ведае, можа ў хуткім часе самабытны калектыў з Прыбужжа парадуе сваім выступленнем публіку за межамі роднага раёна так, як гэта атрымалася ў «Буранаўскіх бабуль». Альбо стане прыкладам для іншых, як можна бавіць час на заслужаным адпачынку, прыносіць карысць сабе і другім, захоўваць спадчыну, падараваную продкамі, любіць родную старонку. Час пакажа. Ну а мы жадаем поспехаў творчаму каллектыву з Прыбужжа!

Фота з архіва Брэсцкага раённага метадычнага цэнтра