Напярэдадні Дня работнікаў культуры, які ў нашай краіне адзначаюць у другую нядзелю кастрычніка, карэспандэнт «БВ» зазірнуў у Астрамечаўскі сельскі Дом культуры і суседні Брэсцкі раённы Дом рамёстваў.
Гэта ўнікальныя месцы, бо тут на працягу многіх гадоў захоўваюць і нават памнажаюць традыцыі, гісторыю і культуру Прыбужжа. Перш за ўсё, да самых галоўных здабыткаў у Доме культуры можна смела аднесці дзейнасць народнага ансамбля музыкі і песні «Астрамечаўскія Лявоны», які праслаўляе роднае Прыбужжа далёка за яго межамі. Каля сарака гадоў таму назад творчы калектыў стварыў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Фёдар Мазоль. Столькі ж гадоў ён ім і кіруе. Дарэчы, пашанцавала калектыву і з музычным кіраўніком Аляксандрам Агіевічам — гэта таленавіты чалавек, сапраўдны прафесіянал.
Аднак Фёдар Мазоль увайшоў у гісторыю Дома культуры не толькі як стваральнік творчых калектываў. Ён многія гады з’яўляўся кіраўніком Астрамечаўскага сельскага Дома культуры. Пад яго чулым кіраўніцтвам быў пабудаваны і сам будынак Дома культуры, які спачатку называўся палацам. Дарэчы, з гэтым не паспрачаешся: будынак сапраўды здзіўляе і захапляе сваёй моцай, архітэктурай, інтэр’ерам, канцэртнай залай на 514 месцаў…
Астрамечаўскі сельскі Дом культуры па выніках мінулага года за дасягнутыя высокія вынікі заняў месца на Дошцы гонару Брэсцкага раёна. Варта адзначыць, што Дом культуры — гэта сапраўды культурнае месца. У яго сценах размяшчаюцца Брэсцкі раённы Дом рамёстваў, Дзіцячая школа мастацтваў, бібліятэка і нават ЗАГС. Творчыя калектывы Дома культуры не раз былі адзначаны галоўнымі месцамі за ўдзел у мерапрыемствах раёна, вобласці і рэспублікі.
Цяпер кіруе гэтай установай Вераніка Мікіціч — родная ўнучка Фёдара Мазаля. Ідучы па шляху дзядулі, два гады таму назад яна мадэрнізавала адзін з творчых калектываў. У выніку з’явіўся народны вакальны ансамбль «Маладзёжны квартал», дарэчы, у якім яна таксама спявае. Дапамаглі пайсці на такі крок маладому кіраўніку публіка. «Назіраючы за слухачом, зразумела тое, што яму да спадобы больш эстрада. І я прыняла рашэнне многае змяніць. Так у нашым рэпертуары народныя песні загучалі ў сучаснай апрацоўцы. У выніку мы ўбачылі, што гэта заходзіць на ўра нашаму слухачу», — тлумачыць сваё рашэнне Вераніка Мікіціч.
Многія гады праслаўляе Дом культуры і вакальны ансамбль «Люсава», у мінулым «Славяначка». За гады дзейнасці калектыў «Люсава» значна вырас ў творчасці, палюбіўся слухачу. Гэта стала стымулам яшчэ больш пашырыць свае межы, і зараз калектыў рыхтуецца да атрымання звання «Народны».
Акрамя гэтага, славіцца Дом культуры сцэнічнай майстэрняй «Сияние», студыяй сольных спеваў «Галасок», у якім займаюцца юныя таленты Астрамечава.
З нядаўняга часу у сценах гэтай установы хлапчукі і дзяўчынкі сталі вывучаць англійскую мову. «Астрамечава хоць і размяшчаецца недалёка ад Брэста, але не ў кожнага дарослага ёсць магчымасць вазіць сваё дзіця ў горад на заняткі, — расказала Вераніка Мікіціч. — А так рабяты без праблем могуць вывучаць замежную мову ў родным аграгарадку. Заняткі вельмі запатрабаваныя. І дарэчы, навучальная праграма ўключае вывучэнне традыцый і культуры розных краін, што таксама немалаважна для развіцця дзяцей».
Але не толькі гэтым прывабны Дом культуры для маленькіх жыхароў Астрамечава. Крыху больш за год таму ў былой дыскатэчнай зале быў адкрыты дзіцячы пакой. Тут з дзеткамі аніматары праводзяць розныя забаўляльныя праграмы, у тым ліку арганізоўваюць дні нараджэння. Па словах маёй суразмоўцы, гэты пакой вельмі запатрабаваны не толькі сярод жыхароў Астрамечава, але і прыцягвае наведвальнікаў з бліжэйшых населеных пунктаў. Дарэчы, кіраўнік думае і пра маладых людзей. У бліжэйшы час у сценах Дома культуры плануе адкрыць пакой для моладзі. А яшчэ Дом культуры славіцца правядзеннем маштабных дзіцячых мерапрыемстваў, сярод іх — пенная вечарынка і нават крыя-шоу.
У ліку яркіх мерапрыемстваў — Дажынкі і Дзень вёскі. Па традыцыі гэтыя два святы праводзяцца ў адзін дзень. Галоўная плошча Астрамечава ператвараецца ў сапраўдную канцэртную залу з вялікай сцэнай, шматграннымі выставамі ручных вырабаў майстроў Прыбужжа, сельскагаспадарчай і ваеннай тэхнікай… Побач з гэтым усім абрусам-самабранкай разгортваецца гандаль са смачнай кухняй.
Варта адзначыць і свята Івана Купалы. Яно праходзіць не толькі з канцэртнай праграмай, але і з разнастайным гандлем, забаўляльнымі пляцоўкамі для дзяцей пад адкрытым небам. Вераніка Мікіціч падзялілася, што адзіны мінус у гэтай справе — паводле правілаў бяспекі пакуль няма магчымасці праводзіць мерапрыемства ў зялёнай зоне, таму праходзіць імпрэза каля Дома культуры. Але кіраўнік спадзяецца, што некалі сітуацыя зменіцца і свята Івана Купалы стануць праводзіць з сапраўдным вогнішчам, а не з крапіўным, напрыклад на прывабнай лясной палянцы.
Гэта толькі малая частка з таго, што па-добраму робяць і жадаюць стварыць яшчэ ў будучым працаўнікі культуры Астрамечава. «Мы робім усё магчымае, каб нашы жыхары, як і гараджане, ні ў чым не былі абдзеленыя, хочам, каб і маладое пакаленне пасля атрымання адукацыі вярталася на малую радзіму», — рэзюмавала ў канцы гутаркі кіраўнік Дома культуры.
Ад прадзедаў нам засталася спадчына…
Багаты сваёй культурнай скрыняй і Брэсцкі раённы Дом рамёстваў, які размяшчаецца на трэцім паверсе Астрамечаўскага сельскага Дома культуры. Паводле слоў загадчыка гэтай установы Аляксандра Савіцкага, асноўная задача Дома рамёстваў — захаванне, зберажэнне і прапаганда лепшых здабыткаў народных мастацкіх рамёстваў Прыбужжа. Тут развіваюць і падтрымліваюць саломапляценне, ткацтва, карункавязанне, вышыўку, традыцыйную беларускую ляльку.
А з нядаўняга часу ў Доме рамёстваў сталі радаваць наведвальнікаў батлейка і дамашні тэатр. Гэтыя два напрамкі праз аб’яднанне па інтарэсах «На прыпячку» папулярызуе брэсцкая майстрыха і пісьменніца Вольга Сандрыкава. Аляксандр Савіцкі падзяліўся, што батлейка і хатні тэатр вельмі падабаюцца дзецям, бо яны не толькі глядзяць пастаноўкі, але і самі спрабуюць сябе ў ролі акцёра.
Немалую цікавасць у юных наведвальнікаў Дома рамёстваў выклікаюць майстар-класы. І праходзяць яны не толькі ў сценах установы культуры. Каб абудзіць цікавасць маладога пакалення да нашых традыцый, працаўнікі-майстры Дома рамёстваў выязджаюць ва ўстановы адукацыі. Пасля такіх сустрэч дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць Дом рамёстваў.
Яркія ўражанні як маленькія, так і дарослыя наведвальнікі Дома рамёстваў атрымліваюць ад этнаграфічнага пакоя, адкрытага з дапамогай Цэнтра падтрымкі ініцыятыў жанчын «Спадарыня Прыбужжа». Гэтая экспазіцыя ў літаральным сэнсе пераносіць у мінулае. Этнаграфічны пакой — гэта сапраўдныя экспанаты, сабраныя жыхарамі не толькі Прыбужжа, але і Іванаўскага раёна. Захапленне выклікае кожны з іх. Ну што тут казаць, калі нават бутафорская печ здаецца сапраўднай: у яе можна паставіць чыгунок, зачыніць засланкай.
Захапленне ў наведвальнікаў выклікаюць таксама экспазіцыі з ручнікамі, народнымі касцюмамі, саламянымі павукамі і іншымі вырабамі з гэтага матэрыялу. Дарэчы, сярод экспанатаў — саламяныя жураўлі рэдкага пляцення, выкананыя заслужаным майстрам нашай краіны Ларысай Лось. У ліку рэдкіх і старажытных экспанатаў — жаночы касцюм Дамачаўскага ладу 1886 года.
Брэсцкі раённы Дом рамёстваў — удзельнік многіх міжрэгіянальных, рэспубліканскіх культурных мерапрыемстваў. З нядаўніх — рэспубліканскае свята «Александрыя збірае сяброў», фестываль народнай творчасці «Са спадчынай продкаў у будучыню», спартыўна-культурны фестываль «Вытокі».
Дом рамёстваў багаты на традыцыі, культуру і нашу гісторыю. У планах калектыва да снежня гэтага года адкрыць новыя экспазіцыі «Жанчыны мастацтва Прыбужжа» і «Жанчыны вайны Прыбужжа». Дом рамёстваў адобрыў просьбу жыхароў раёна «срэбнага» ўзросту праводзіць тут фальклорныя вечары і ў хуткім часе запросіць іх на вячоркі. У планах шмат і другіх задумак, але пакуль Аляксандр Савіцкі трымае інтрыгу. Адно вядома, што запланаванае спадабаецца жыхарам і гасцям Прыбужжа.
Наталля ШЛЯЖКА
Фота аўтара