• RU
  • BLR
Понедельник, 9 Сентября

СВЯТА КНІГІ НЕ ЗА ГАРАМІ

Застаецца пару дзён да Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах. Да знакавага мерапрыемства пісьменнікі рыхтаваліся цэлы год.

І канешне, цікава даведацца пра тое, чым і як парадуе праграма творчага фэсту сваіх гасцей. З гэтай нагоды карэспандэнт «БВ» завітаў да  старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Дземідовіч.

 

 Дзень беларускага пісьменства штогод уключае шмат розных мерапрыемстваў. Таццяна Анатольеўна, якімі з іх у гэты раз напоўніцца скрыня кніжнага фэсту? Ці чакаць новых праектаў?

— Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачынаецца з рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі. У гэтым годзе яна пройдзе па маршруту Мінск – Святое поле (паблізу вёсцы Загор’е Баранавіцкага раёна) – Ляхавічы – Пінск – Івацэвічы.  У першы дзень фэсту, 31 жніўня, у Доме культуры ўсіх чакаем на гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Нагадаю, што нашы маленькія артысты паўтарылі мінулагодні поспех. Выхаванцы цэнтра маладзёжнай творчасці ва ўсіх узроставых катэгорыях атрымалі пуцёўку ў фінал.

Знакавай падзеяй стане цырымонія ўскладання кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў гарадскім скверы Перамогі. Тут жа пройдзе ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная партызанскаму руху на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна. Яркімі момантамі стануць адкрыццё арт-аб’екта «Дзеці лясной школы» і правядзенне літаратурна-патрыятычнай імпрэзы ля скульптурнай кампазіцыі памяці спаленых вёсак, якая пройдзе з удзелам лепшых паэтаў Беларусі.

Пісьменнікі Аляксей Скакун і Георгій Тамашэвіч падчас наведвання гарадской бібліятэкі імя Пушкіна

Заявяць пра сябе і новыя праекты. Напрыклад, будуць арганізаваны кінатэатр пад адкрытым небам і выстава кніг, якія атрымалі шырокае міжнароднае прызнанне.

 

 Свята кнігі збірае мноства творцаў. На якіх пляцоўках можна будзе пачуць лірычныя і празаічныя радкі менавіта пісьменнікаў Першага рэгіёна?

— Што датычыцца нашага аддзялення, то на пляцоўцы абласной бібліятэкі імя Горкага абвесцім імёны лаўрэатаў літаратурнага конкурсу Брэсцкага аблвыканкама імя Калесніка і пераможцаў рэспубліканскага конкурсу імя Янішчыц.

На пляцоўцы «Слова пісьменніка» прадставім творчую праграму «Збіральнікі духоўнай спадчыны». Літаратурна-паэтычны марафон «Беларусь у маім сэрцы» аб’яднае ўсіх прыхільнікаў беларускай паэзіі, дзе пісьменнік і гісторык Анатоль Бензярук правядзе краязнаўчую віктарыну. Эксклюзіўнай падзеяй стане прэзентацыя радыёпраграмы «Натхнёныя лёсам адзіным», якая транслюецца на радыё «Горад FM» кожны аўторак і чацвер і расказвае пра літаратуру Брэстчыны. Ініцыятар і стваральнік унікальнага праекта — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар «Радыё Брэст» Васіль Барысюк.

Акрамя гэтага, прадстаўнікі Брэстчыны прымуць удзел у канцэрце Саюза пісьменнікаў Беларусі на галоўнай сцэне, які запланаваны на першае верасня. Свае вершы са сцэны прадэкламуе паэт, дырэктар Гараднянскага цэнтра ганчарства Столінскага раёна Васіль Казачок, прагучыць песня на словы Раісы Раманчук «Мелодыя Беларусі» ў выкананні Галіны Галіцкай. Пісьменнікі таксама плануюць правесці сустрэчу з вучнямі івацэвіцкіх школ. Выступленні нашых творцаў-землякоў можна будзе чакаць на пляцоўцы абласной бібліятэкі імя Горкага.

 

 Важны момант свята кнігі  аб’яўленне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Хто ў гэты раз прадстаўляе Першы рэгіён?

 Абласное аддзяленне хадайнічала аб вылучэнні да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе адразу ў двух  намінацыях — «Лепшы твор прозы» і «Лепшы твор паэзіі» — кнігу Анатоля Бензерука «Галавасек», якая пабачыла свет у выдавецкім доме «Звязда». Кніга прысвечана адной з жудасных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — лёсу вёскі Драмлёва Жабінкаўскага раёна. Выхад кнігі меў шырокі рэзананс у грамадстве. Паводле твора праведзены шэраг прэзентацый, сустрэч, абмеркаванняў у розных аўдыторыях, у тым ліку маладзёжных.

Адзначу, што творцы Першага аддзялення ўжо не раз былі пераможцамі гэтага конкурса. Напрыклад, у 2018 годзе ў Іванава кніга Зінаіды Дудзюк «Пара высокага сонца» стала лепшым творам у намінацыі «Публіцыстыка». 2020 год прынёс перамогу Валерыю Грышкаўцу з Пінска ў Бялынічах. У намінацыі «Лепшы твор паэзіі» высокай узнагародай быў адзначаны яго зборнік «Остаюсь навсегда». Цікава, што два разы перамагалі ў намінацыя «Лепшы дэбют» маладыя літаратары, ураджэнкі Брэста Маргарыта Латышкевіч са зборнікам «Яблыкі» і Станіслава Умец з раманам «Сэрца Сакры». У мінулым годзе поспех у гэтай намінацыі чакаў маладую пінчанку Алесю Прыходзька за дзіцячую кнігу «Хлюпик и друг его Нюня».

 

 Пінск, Камянец, Ганцавічы, Іванава. Гэтыя гарады Першага рэгіёна багатыя на вядомыя імены, у свой час яны прымалі Дзень беларускага пісьменства. Якімі творцамі славіцца Івацэвіччына?

 Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем творчасць Валянціна Таўлая, Васіля Ласковіча, Піліпа Пестрака, Міколы Засіма. У далёкія суровыя гады паэты балюча перажывалі за лёс любай краіны, а іх паэтычныя радкі гучаць як запавет: берагчы мілы край ад гора і бяды ды напоўніць сваё жыццё стваральнай працай. Не забыты літаратар-навуковец Мікола Грынчык.

Паспяхова працягваюць традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Так, паэт, празаік і краязнаўца, лаўрэат многіх прэстыжных міжнародных прэмій Веніямін Бычкоўскі вывучае мінулае Палесся. Ён жа стваральнік музеяў у гарадскім пасёлку Целяханы і мемарыяльнай капліцы ў памяць закатаваных жыхароў вёсак Бабровічы, Вядо, Тупічыцы, Красніца. Віктар Рэчыц усё жыццё прысвяціў журналістыцы. Ён унікальны паэт, працуе ў жанры гумару.

Паэт і празаік Святлана Сцепанчук разам з вучнямі і выпускнікамі школ Івацэвіцкага раёна да Дня беларускага пісьменства падрыхтавалі зборнік вершаў з сімвалічнай назвай «Ручайкі»: звонкія, шчырыя радкі маладых творцаў натоляць любоўю і цеплынёй душы землякоў і гасцей зямлі івацэвіцкай. Шчырую падзяку мы выказваем і супрацоўнікам раённай газеты «Івацэвіцкі веснік», якія рыхтуюць да выдання кнігу Анатоля Галушкі. Вядомы паэт, празаік, мастак, член Саюза пісьменнікаў Беларусі нядаўна пайшоў з жыцця, але пакінуў багатую літаратурна-мастацкую спадчыну. Чалавек складанага лёсу і неверагоднай мужнасці, чалавек светлай душы і сапраўдны патрыёт Беларусі. Кніга будзе прэзентавана на Дні беларускага пісьменства.

 

 А ўвогуле, колькі зараз пісьменнікаў налічвае абласное аддзяленне? Хто з іх, скажам так, з гонарам носіць званне самага старэйшага і самага маладзейшага творцы?

— На сённяшні дзень арганізацыя складаецца з 49 прафесійных літаратараў, большая частка з якіх — паэты. Сярод іх самы старэйшы пісьменнік Брэстчыны — заслужаны журналіст, паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Калесніка Георгій Тамашэвіч. У сярэдзіне жніўня мы павіншавалі яго з 85-гадовым юбілеем. Напрыканцы мінулага года ў шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі была прынята 23-гадовая Яніна Босак. Акрамя яе, апошнім часам аддзяленне папоўнілася творцамі менавіта з брэсцкай прапіскай. Да нас далучыліся таленавітыя майстры слова Васіль Барысюк і Ірына Фаміна. І вельмі спачуваем, што ў гэтым годзе пайшлі з жыцця пісьменнікі Мікола Панасюк з Брэста і Васіль Жушма з Іванава…

 

 Якія тэмы для напісання выбіраюць сучасныя творцы? І, безумоўна, цікава ведаць, якімі выданнямі за апошні час узбагацілі пісьменнікі Першага рэгіёна літаратурную скарбонку нашай краіны? 

— У апошні час творцам цікавы тэмы гістарычнага мінулага Беларусі, подзвігаў і генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая ўвага і да дзіцячай літаратуры. Сярод навінак — кнігі Аляксандра Валковіча «День шепота трав», Алены Гневушавай  «Сказки-улыбки для веселых дошколят» і мая кніга апавяданняў для школьнікаў «СНежным годом». Акрамя гэтага, пабачылі свет дзве кнігі бярозаўскага пісьменніка Анатоля Бярнацкага ў жанры «нон-фікшн».

Зінаіда Дудзюк парадавала чытачоў новым зборнікам паэзіі «Пуцявіна» і гістарычным прыгодніцкім раманам «Сыны Рарога». Вершы апошніх гадоў Ірыны Морых увайшлі ў кнігу «Неповторимые слова и лица», а яе захапляльныя дзіцячыя творы — у зборнік «Стихи о маленькой принцессе и другие». У выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае» пабачыў свет зборнік гумарыстычных твораў Расціслава Бензерука «Гама для дваіх», нядаўняя навінка ад яго — кніга «Сардэчны абярэг».

У першым паўгоддзі выйшлі трэці выпуск літаратурнага альманаха «Лірычны настрой» і два нумары Брэсцкага раённага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс». Гэта выданне вядома на ўсю Беларусь і за яе межамі. Адзначу, што выданні брэсцкіх аўтараў першага паўгоддзя сапраўды рознажанравыя, рознатэматычныя і вельмі цікавыя.

 

 Жыццё творцаў гэта і шматлікія імпрэзы. Якія з іх сталі традыцыйнымі?

— Звычайна мы пачынаем год з мерапрыемства «Мой свет — кніга», якое ладзім сумесна з гарадской бібліятэкай імя Пушкіна. А яшчэ з «Калядных чытанняў», якія праходзяць у музеі выратаваных каштоўнасцяў. Традыцыйнымі сталі і конкурсы маладых аўтараў, юных чытальнікаў, гумарыстычнае спаборніцтва «Папяровы бусел», вандроўка па Лунінеччыне «Палескія рабінзоны», павольныя чытанні і конкурс кніжных закладак «З любоўю да чытання».

У гэтым радзе і важная падзея — абласны літаратурны конкурс Брэсцкага аблвыканкама імя Калесніка. Напачатку верасня абвясцім новы сезон літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч», заснаванага ў 2018 годзе абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай праваслаўнай царквы і Брэсцкім абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру.

 

 Вяртаючыся да Дня беларускага пісьменства, на Ваш погляд, наколькі гэтае мерапрыемства значнае для творцаў і ў цэлым для беларусаў?

— Кніга — вялікі цуд, створаны чалавечым талентам. Кніга дапамагае весці размову з мінулым, марыць пра будучыню. Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода глыбока і шчыра адчуць, што ўсе мы жыхары нашай Радзімы — Беларусі, цудоўнай краіны з багатай культурнай спадчынай, якая заўсёды ў нашых сэрцах і думах.

 

  Дзякуй за бяседу!

 

Наталля ШЛЯЖКА

Фота з архіва Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі