Рэспубліканскі праект, прысвечаны 110-годдзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча, прадстаўлены ў выставачнай зале на Савецкай.
І, дарэчы, Першы рэгіён прымае яго першым з абласных цэнтраў пасля Мінска. Экспазіцыя ўключыла працы сучасных беларускіх мастакоў, якіх прываблівае творчасць авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя, з усіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку і з нашага горада. «1.10 квадрата» — вялілі праект, — адзначыла куратар выставы, мастацтвазнаўца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Але, на жаль, тое, што мы прывезлі ў Брэст, — гэта толькі частка выставы, бо ў нас няма магчымасці на гэтай выставе прадставіць творчасць дадзенага напрамку ўсіх аўтараў. Сэнс праекта — у чарговы раз прыгадаць знакавую фігуру ў нашым мастацтве Казіміра Малевіча, бо ён звязаны не толькі з Віцебскам, але і з усёй нашай краінай новым напрамкам творчасці».
«Чорны квадрат» Казіміра Малевіча — адзін з самых загадкавых твораў ХХ стагоддзя, які радыкальна перавярнуў ранейшыя ўяўленні пра мастацтва. Упершыню карціна паказана ў снежні 1915 года ў Петраградзе на апошняй футурыстычнай выставе «0,10» у асяроддзі новых беспрадметных прац Казіміра Малевіча. Мастак павесіў «Чорны квадрат» на стыку дзвюх сцен, вышэй за ўсе астатнія карціны, тым самым вылучыўшы і падкрэсліўшы яго значнасць — ён вянчаў усю групу прац, названых аўтарам «Супрэматызм жывапісу». Малевіч вяртаўся да свайго галоўнага твора на працягу ўсяго жыцця. Пасля 1915 года ён тройчы паўтараў працу. Усе тры версіі былі выкананы для розных выстаў. Шмат розных версій ходзіць пра тое, што ў аснове «Чорнага квадрата». Некаторыя з іх маюць нават містычны характар. Магчыма таму, што Казімір Малевіч так і не даў дакладнага тлумачэння створанай працы.
Праект уключыў жывапіс, графіку, скульптуру, шкло, кераміку, фотаздымкі, арт-аб’екты, метал. Усе працы заснаваныя на квадраце. Праз іх выразна прасочваецца сённяшняя «лінія жыцця» «Чорнага квадрата» — на ўзроўні ідэі, формы, знака, матыву, сімвалічнага прадмета. Аўтары прадставілі цікавыя ідэі не толькі з выкарыстаннем чорнага колеру. Экспазіцыя ўключыла рознакаляровасць, і гэтым самым узбагаціла ўспрыманне гледача. І гэты момант мае тлумачэнне. Па словах арганізатараў, галоўнае ў выставе нават не закладзеная тэма, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча.
І яшчэ адзін момант. Працы выкананы настолькі прафесійна, што прыйдуцца да спадобы нават тым, хто не адносіць сябе да прыхільнікаў творчасці Казіміра Малевіча. Цудоўная і творчасць мастакоў Першага рэгіёна. «Я ганаруся тым, што яны прымаюць удзел у выставе і добра падрыхтаваныя. Упэўнена, што іх працы, як і працы іншых удзельнікаў праекта, парадуюць усіх, хто завітае, каб пазнаёміцца з праектам», — падзялілася загадчыца выставачнай залы Кацярына Шаўчэнка.
Выстава працуе да 12 мая.
Наталля ШЛЯЖКА
Фота аўтара