• RU
  • BLR
Воскресенье, 8 Декабря

МАРШРУТ ПАБУДАВАНЫ: БЕЛАРУСЬ – БРЭСТ – КОСМАС

Без перабольшання, мы пакарылі зорную бязмежнаць. Шостага красавіка Марына Васілеўская і Алег Навіцкі без перашкод вярнуліся на Зямлю на караблі «Саюз МС-24» .

Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і сотні тысяч беларусаў увесь гэты час сачылі і хваляваліся за першага касманаўта суверэннай Беларусі. Першыя словы Марыны Васілеўскай па прыбыцці — гэта словы падзякі: «Беларусь, дзякуй за падтрымку! Жадаю ўсім людзям на зямлі, каб яны шанавалі і бераглі ўсё тое, што маем. Мы ведалі, што нас чакаюць на Зямлі, і гэта грэла душу. Беларусь тут, я вельмі рада. Сфатаграфаваць нешта было вельмі складана: і Палессе, і Белавежскую пушчу, і Мінск. Але, калі глядзіш на нашу краіну з вышыні 400 кіламетраў, захапляешся прыгажосцю нашай Зямлі».

Вяртанне Марыны Васілеўскай можна аднесці да сімвалічных. Бо 12 красавіка, роўна праз шэсць дзён пасля яе прыбыцця на Зямлю, мы адзначым Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі, калі Юрый Гагарын больш за 50 гадоў таму назад здзейсніў першы палёт у космас.

Заўтра гэты дзень будзе азнаменаваны важнай падзеяй у жыцці Прыбужжа. У Тамашоўскім музеі касманаўтыкі адкрыецца першая частка новай экспазіцыі «Касмічная Беларусь». У ёй знойдзецца месца і першаму касманаўту суверэннай Беларусі Марыне Васілеўскай. Аднак пра гэта раскажам у наступным нумары «БВ», а пакуль вернемся крыху ў мінулае.

 

 

Зорная слава

 

Яна вялікая. Перш за ўсё ўспомнім нашага вядомага земляка, ураджэнца вёскі Камароўка Брэсцкага раёна, касманаўта, двойчы Герой Савецкага Саюза Пятра Клімука. Менавіта ён стаў першым беларускім касманаўтам у савецкі час. Тройчы пабываў у космасе. Першы палёт у бязважкасць здзейсніў у снежні 1973 года на караблі «Саюз-13».

Пётр Клімук унёс вялікі ўклад у касмічную сферу. Але ўсе гэтыя гады не забываў пра Беларусь, шмат зрабіў для развіцця роднага раёна, сваёй малой радзімы, дзе нарадзіўся і зрабіў свае першыя крокі. Паважаюць і любяць касманаўта жыхары Прыбужжа.

Адразу пасля першага яго палёту пачалася праца па стварэнні згаданага вышэй музея касманаўтыкі. Ініцыятарам стаў педагагічны калектыў школы. Яны завялі перапіску з земляком, двойчы пабывалі у Зорным гарадку. Мама касманаўта Марфа Паўлаўна перадала некаторыя асабістыя рэчы Пятра Клімука, фатаграфіі, падзялілася сваімі ўспамінамі пра сына. Экспанат да экспаната — так неўзабаве ў Прыбужжы пачаў працаваць адзіны ў Беларусі музей касманаўтыкі. Побач са школай, дзе ён размяшчаецца, устаноўлены памятны бюст касманаўта і самалёт МіГ-23 — на такім жа Пётр Клімук трэніраваўся. Не так даўно сярэдняй школе вёскі Тамашоўка прысвоена імя вядомага земляка.

 

 

Не першы і не апошні

 

Аднак дзякуючы Пятру Клімуку не толькі Прыбужжа набыло касмічную славу, але і Брэст. У горадзе з’явіўся бульвар Касманаўтаў, у пачатку якога ўсталяваны яшчэ адзін бюст Клімука. Многія брэстаўчане памятаюць і касмічныя назвы гандлёвых аб’ектаў горада. Не раз у Брэст прыязджаў Пётр Клімук, прывозіў з сабой калег-касманаўтаў. Бывалі заваёўнікі бязважкасці ў нашым горадзе і без яго, наведвалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Сярод тых, хто хадзіў па брэсцкай зямлі, — першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова. З маладога пакалення — лётчыкі-касманаўты Алег Арцем’еў і Алег Навіцкі. Дарэчы, першы з іх мае беларускія карані, а Навіцкі дык і наогул нарадзіўся ў Мінскай вобласці.

Алег Навіцкі запомніўся тым, што выканаў жаданне юнага брэстаўчаніна Максіма Козела. Хлопчык захапляецца космасам, але з-за таго, што ў яго ДЦП, ён не зможа падняцца ў бязважкасць. Аднойчы ён напісаў ліст Дзеду Марозу, у якім папрасіў навагодняе відэавіншаванне ад Алега Навіцкага. Жаданне хлопчыка споўнілася: касманаўт запісаў Максіму цёплыя пажаданні.

 

 

 

Брэст з касмічнага палёту. Фота зроблена Алегам Навіцкім напярэдадні 22 чэрвеня 2021 года

 

Ало, на сувязі бязважкасць

 

Не раз Брэст выходзіў напрамую ў космас. Па відэасувязі брэстаўчане размаўлялі з касмічнымі экіпажамі. Акрамя гэтага, малюнкі брэсцкіх юных мастакоў у прамым сэнсе слова пабывалі ў космасе.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Задоўга да гэтага моманту, 19 верасня 1974 года, у Крымскай астрафізічнай абсерваторыі астраном Людміла Чорных адкрыла астэроід галоўнага пояса, які ў гонар Брэсцкай крэпасці і яе абаронцаў быў названы «Брэст».

Аднак не ставім на гэтым кропку — тэма космасу ў нашай краіне працягваецца.

Фота аўтара, з архіву «БВ» і адкрытых крыніц Інтэрнета