Выстава «Тры дрэвы» Анатоля Мелехаўца адкрылася ў арт-прасторы гарадской бібліятэкі імя Пушкіна.
Экспазіцыю прадставілі 15 карцін. Акцэнт зроблены на светлавой гаме. Працы напісаны яркімі колерамі. Чаму так? Па словах мастака, яму надакучыла зімовая шэрасць, захацелася вясны. І ў мастака атрымалася.
Аднак галоўны момант у карцінах — тры дрэвы ў кожным сюжэце. «Я не ставіў сабе задачу напісаць усюды тры дрэвы, але хацеў паказаць нашу прыроду, у якім бы выглядзе яна ні была, праз сябе. Мы бачым нашы дрэвы кожны дзень, але не акцэнтуем на іх сваю ўвагу, бо звыкла. Я люблю Беларусь, нашу прыроду. Пасыл цыклу «Тры дрэвы» — паказаць усю прыгажосць роднай прыроды, што, напрыклад, нашы дрэвы не горш за заморскія пальмы», — растлумачыў мастак.
Анатоль Мелехавец пачаў актыўна займацца жывапісам у 2009 годзе. Працуе ў жанры пейзажа, нацюрморта, піша ў асноўным алеем, радзей акрылам. Часам практыкуе складаную змешаную аўтарскую тэхніку. У творчым багажы мастака больш за 20 выстаў.
Прадстаўленыя карціны прывабліваюць сваёй незвычайнасцю. Калі Анатоль Мелехавец сказаў, што адзін з любімых яго мастакоў — Анры Маціс, тады і стаў зразумелы выбар майстра пэндзля ў жывапісе. Аднак дзякуючы гэтаму ў Брэсце ёсць свой Маціс. Нагадаем, ён быў адным з галоўных еўрапейскіх мастакоў перыяду мадэрнізму. Увайшоў у гісторыю мастацтва сваім імкненнем перадаць эмоцый праз форму і колер.
Што датычыцца адкрыцця выставы, то яна сабрала кола прыхільнікаў творчасці Анатоля Мелехаўца. Павіншаваць мастака з чарговым вернісажам прыйшлі родныя, знаёмыя людзі, калегі па творчасці.
Выстава працуе да канца красавіка.
Наталля ШЛЯЖКА
Фота аўтара