Значнае і сапраўднае дырэктара СШ №7 Святланы Язерскай

813 просмотров 0 комментариев

Святлана Аляксееўна — выпускніца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце і дэпутат гарадскога Савета.

Яна з адзнакай скончыла гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Куляшова, а да “сёмай” узначальвала 19-ю школу Брэста.

Работа яе падобна да рэжысёрскай: арганізоўвае дзейнасць педагогаў, натхняе на творчыя пошукі і надае ўпэўненасці. Пошук новых падыходаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё пазабюджэтнай дзейнасці — асноўныя напрамкі работы Святланы Язерскай. Інавацыйная дзейнасць дае імпульс для развіцця прафесіяналізму, ініцыятыўнасці і адказнасці педагогаў.

231 факультатыў

Адукацыйнае асяроддзе школы дазваляе вучням рэалізаваць свае здольнасці. Больш за паўтары тысячы дзяцей наведваюць ажно 231 факультатыў. Ёсць тут і розныя аб’яднанні: “Патрыёт”, “Што? Дзе? Калі?”, “Юныя гісторыкі”, “Краіна майстроў”, “Жывое слова”...

Настаўнікі эстэтычна і арыгінальна аформілі рэкрэацыі, улічыўшы нямецкамоўны акцэнт школы. Кожны паверх – адметная прастора з цытатамі вядомых навукоўцаў і пісьменнікаў. Тут ёсць і QR-коды, каб дзеці на перапынках далучаліся да электронных адукацыйных рэсурсаў.

“Жыццё — гэта рух” — гэтай формулай кіруецца дырэктар. Яна лічыць, што задача педагога ў тым, каб дзеці разумелі прыгажосць у шырокім сэнсе. Тады яна сапраўды выратуе свет, як пісаў Дастаеўскі.

Фрау Краўс і Чэнь Чжыін

У школе вывучаюць тры замежныя мовы: нямецкую, англійскую і кітайскую. З савецкага часу яна вядома дасягненнямі ў нямецкай. З 2006 года тут працуе фрау Краўс з Германіі, якая рыхтуе вучняў да атрымання “шпрахдыпломаў”. За апошнія чатыры гады іх маюць 199 дзяцей.

Цікава ў школе праводзяць тыдні нямецкай мовы і культуры. Наладжана супрацоўніцтва з установамі адукацыі Германіі, нашы настаўнікі рэгулярна павышаюць там прафесійны ўзровень. Высокую якасць выкладання нямецкай пацвярджае ганаровы знак “Школы – партнёры будучыні”, уручаны пасольствам ФРГ.

З мінулага года ў школе працуе валанцёр з Кітая Чэнь Чжыін, дапамагаючы зацікавіць дзяцей кітайскай мовай. Частыя госці школы – прадстаўнікі Інстытута Канфуцыя пры БДУ.

Вучні “сёмай” — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і праектаў. За апошнія тры гады залатымі і сярэбранымі медалістамі сталі 25 школьнікаў, а пераможцамі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды — шэсць.

Напярэдадні юбілею

Школа рыхтуецца адзначыць 75-годдзе. За гэты час амаль шэсць тысяч вучняў атрымалі сярэднюю адукацыю, прычым 244 з залатымі медалямі і 111 — з сярэбранымі.

Тут шмат традыцый, як конкурсы чытальнікаў нямецкамоўнай літаратуры, “Сям’я года”, “Вучань года”… З павагай ставяцца да былых калег. Пра гэта сведчаць турнір па футболе памяці настаўніка фізкультуры Івана Вольскага і брэйн-рынг памяці настаўніка гісторыі Барыса Каралецкага.

Ганна Рошчанка, Жанна Ляшчынская, Ганна Вараб’ёва, Святлана Пракапчук — лаўрэаты прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Больш за дзесяць педагогаў — лаўрэаты прэміі аблвыканкама. Педагогі — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый. 18 выпускнікоў пасля атрымання вышэйшай адукацыі вярнуліся ў сцены школы.

У школе ёсць музей, які вядзе яе летапіс, змяшчае інфармацыю пра ветэранаў педагагічнай працы і вядомых выпускнікоў.

Філасофія і кветкі

Святлана Язерская — яшчэ і творчая асоба, аўтар кнігі філасофскіх замалёвак “Россыпы”, прасякнутай любоўю да родных мясцін. Імгненні, выхапленыя з будняў і занатаваныя на паперы, іскрацца россыпамі слоўных дыяментаў на старонках кнігі.

“Кожны прыходзіць у свет, каб прадоўжыць нешта значнае, не зробленае папярэднікамі з яго роду, — гаворыць яна. — Героямі жыццёвай прозы з раздзела “Сутыкаючыся з сапраўдным” з’яўляюцца жыхары сучаснай вёскі, мае землякі”.

Дырэктар ашчадна ставіцца да кожнай хвіліны, цэніць сумленнасць, розум, працу і аптымізм. Захапляецца кнігамі, філасофіяй, і па-жаночаму кветкамі і кухняй. “Усе людзі розныя, і кожны заслугоўвае павагі”, — лічыць Святлана Язерская, улюбёная ў сваю работу, людзей і навакольны свет.

Ніна ДРЫК, намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста







Понедельник , 15 Июля , 2019   22 : 30
Лента новостей








Опрос