Як спекчы сапраўдны беларускі хлеб. Расказвае Ірына Лінкевіч

330 просмотров 0 комментариев

Ва ўсе часы хлеб быў гаспадаром стала, а каравай — галоўным атрыбутам вяселля. Традыцыі іх выпякання беражліва перадавалі з пакалення ў пакаленне.

Сярод тых, хто беражэ гэтыя традыцыі – брастаўчанка Ірына Лінкевіч.

 Так патрэбна

        Ужо на працягу пяці гадоў яна выпякае хлеб у хатніх умовах з усёй той вытрымкай, якую выкарыстоўвалі нашы бабулі ў мінулыя часы. А любоў і пашану да «гаспадара стала» Ірына атрымала ў спадчыну ад бацькоў і бабулі: «З дзяцінства выхоўвалі ў мяне трапяткое стаўленне да хлеба, — успамінае яна. — З хлебам не гулялі, ніколі не выкідалі… Калі выпадкова бохан клалі ўніз скарыначкай, то абавязкова патрэбна было перавярнуць яго. На пытанне, чаму так, бабуля адказвала: «Так патрэбна». І я ёй верыла, бо тут схавана такая аксіёма, якая павінна прымацца бяздоказна. Запомніла гэта на ўсё жыццё, і зараз кажу сваім дзецям».

 

Цэлы Сусвет

        Хлеб для Ірыны Лінкевіч заўсёды быў дасканалым. Самы лепшы пах для яе —свежаспечанага хлеба. «Я заўсёды любіла гатаваць і частаваць, — працягвае яна роспавед. — Пякла шмат і з задавальненнем: тарты, кексы, пірагі і рознае іншае печыва. І аднойчы з’явілася жаданне спячы самой хлеб. Да гэтага часу памятаю свой першы жытні дрожджавы бохан. Пазней даведалася, што жытні не пякуць на дражджах, бо атрымліваецца цеста вельмі шчыльнае, неэластычнае, і ў ім не затрымліваюцца бурбалкі паветра. Але гэта было пасля, а пакуль я шчаслівая трымала ў руках цэлы Сусвет — свой першы хлеб! Напэўна, ён быў самы дарагі для мяне! І да гэтага часу я не магу спыніцца, а кожны выпечаны мною бохан — гэта радасць і натхненне. Пяку на дражджах і на заквасцы, пшанічны і жытні. Кожны хлеб — гэта сапраўдны экзамен. Бо столькі ўсяго ўплывае на цеста: якасць мукі, вада, нават надвор’е і мой настрой».

       Цяпер, напрыклад, у халадзільніку Ірыны тры закваскі: пшанічная і дзве левіта мадрэ — выведзеныя на садавінавых дражджах. Рэцэпт пшанічнай закваскі падарыла ёй сяброўка-хлебапёк, якую тая сама вывела восем гадоў таму. Левіта мадрэ ж у Ірыны атрымалася вывесці самой на тутэйшым вінаградзе. Трэцяя — гэта закваска “пасла хлеба” італьянца Эціа Марыната, якой ужо трыццаць гадоў, і прывезла яе Ірына з яго майстар-класа.

       Выпяканне хлеба заўсёды было складанай справай. Ірына лічыць, што сёння гэта зрабіць лягчэй, чым некалі нашым бабулям. «Хлеб пячы ў печцы — гэта сапраўднае мастацтва, — кажа яна. — Газавая пліта больш прадказальная. Зараз ёсць тэрмометры, цестамесы, мука розных гатункаў — трэба толькі час, цярплівасць і жаданне. Раней пячы хлеб для сям’і было жыццёваю неабходнасцю. Аб добрай гаспадыні казалі: «У яе хлеб, як сонца». А сонца — гэта жыццё».

 З шышкамі, кветкамі, аўсом

        Аднойчы ў Ірыны захацела выпекчы каравай. «Я разважала: чаму мы, славяне, так лёгка адмаўляемся ад сваіх родных, набытых стагоддзямі традыцый ва ўгоду летуценнай модзе? Чаму з такой лёгкасцю пераймаем чужыя абрады? Як могуць на вяселлі маладыя дзяліцца з гасцямі кавалачкам, няхай нават смачнага, тарта? Дзеляцца хлебам, дзеляць не каравай, а радасць і шчасце з роднымі і блізкім.

        Доўга баялася пячы яго, бо гэта адказнасць і выклік самой сабе. Першы каравай мой прыпаў на 45-годдзе сумеснага жыцця маіх бацькоў: хацелася зрабіць для іх асаблівае свята. Вырашыла ўпотай спячы яго па ўсім традыцыям — з галінкамі-шышкамі, кветкамі, аўсом. Распытала ў старэйшых аб правілах і асаблівасцях нашага каравая. Атрымалася. Усе былі ў захапленні! І да гэтага часу бацькі захоўваюць шышку з яго».

 Гонар за роднае

        Крыху пазней Ірыне пашчасціла трапіць у Санкт-Пецярбургскі музей хлеба. Яе ўразіла, што палова экспазіцый была заснавана на беларускіх традыцыях вырошчвання, апрацоўкі пшаніцы, жыта і выпечцы хлеба Палесся. «Я адчула гонар за нашых людзей і маё Палессе! Бо нам ёсць што захоўваць і перадаваць будучым пакаленням». З той пары ўсё часцей стала чытаць літаратуру, глядзець відэа, распытваць старэйшых аб тонкасцях выпякання каравая. Напрыклад, даведалася, што яго нельга пячы маці жаніха ці нявесты. Яна толькі запрашае каравайніц і дае ім прадукты. Каравайніца можа быць толькі шчаслівая ў шлюбе жанчына, якая мае здаровых дзяцей. Сам жа каравай пяклі як для жаніха, так і для нявесты. Галінкі на «шышкі» абавязкова бралі з пладовага дрэва. Зразумець, чый каравай, можна было па колькасці галінак-шышак: у нявесты цотная, а ў жаніха няцотная іх колькасць. Калі дзялілі яго, то абменьваліся «галінкамі-шышкамі»: з каравая жаніха аддавалі падвойную «шышку», а з каравая маладой — патройную як сімвал таго, што сям’я жаніха папоўнілася новым жыхаром.

     Каравай упрыгожвалі незамужнія дзяўчыны ўвечары, перад вясельным днём. Называлі вечар «Вэночкі». І нікому яго не паказвалі: хавалі ад гасцей. Галоўны атрыбут вяселля ўносілі пад музыку, абавязкова прасілі Божага благаслаўлення ўнесці яго ў дом, а рабіў гэта звычайна хросны альбо сват. Лічылася, чый каравай вышэйшы, той будзе з маладых галоўным у сям’і. Хваліліся адзін перад адным, што атрымаўся ён такім пышным і вялікім, што прыйшлося нават разбіраць печ, каб дастаць яго адтуль.

        Цікавы абрад мае і гершонскі каравай. Нявеста, павінна была яго «прапалоць». На каравай насаджалі кветкі, а маладая вырывала іх і кідала гасцям. Краялі яго праз тыдзень. Усё гэта суправаджалася мноствам песень, прыказак, жартаў.

 Захаваць і перадаць

             «Хачу і далей займацца выпяканнем, — кажа Ірына, — каб захаваць і прымножыць тое, што засталося ад продкаў. Каб нашы дзеці маглі ганарыцца сваёй спадчынай. Абавязкова хачу зрабіць экспедыцыю па вёсках краіны, бо ўсё менш людзей пра гэта памятаюць і могуць расказаць».

       Прыемна, што інтарэс да хлеба і каравая адраджаецца не толькі ў Беларусі. Ірына Лінкевіч вядзе перапіску з хлебапёкамі ўсяго свету. І радуе, калі іншыя народы з павагай і захапленнем распытваюць аб нашым хлебе і караваях. Зусім нядаўна зацікавілася беларускім караваем тэлевядучая, хлебапёк Марыя Кудрашова з Масквы і спецыяльна з гэтай нагоды наведала Брэст. Ірына падзялілася з ёю набыткамі беларускага выпякання. І больш таго, госця з радасцю павезла наш каравай у расійскую сталіцу. «Мы нават самі часам не падазраём, што можам паказаць і распавесці. Мы маем багатую гісторыю, культуру, якую патрэбна берагчы і ёю ганарыцца!» — кажа мая суразмоўца. 

З гэтым нельга не згадзіцца.

Наталля ШЛЯЖКА

Суббота , 24 Августа , 2019   17 : 26


Лента новостей








Опрос