Тысячагадовы Брэст прадставяць на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме

268 просмотров 0 комментариев

На дваццаць шостым Дні беларускага пісьменства, якi пройдзе з 31 жніўня па 1 верасня ў Слоніме, Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіць з праграмай «Вітаем Брэст тысячагадовы».

На пляцоўцы «Слова пісьменніка» адбудзецца прэзентацыя кніг Георгія Тамашэвіча, Зінаіды Дудзюк, Анатоля Брытуна, Таццяны Шульгі, прысвечаных міленіуму Брэста.

Новыя выданні дапамогуць чытачу ўбачыць славуты Брэст у розных фарбах, ракурсах і часавых адрэзках. Яркім і незабыўным прызнаннем у любові Брэсту стаў творчы праект брэсціх мастакоў і паэта Таццяны Шульгі «Акварельный Брест». На старонках каляровага літаратурна-мастацкага выдання «Анёл над Брэстам» прадстаўлены вянок санетаў і паэтычныя прысвячэнні роднаму Брэсту Георгія Тамашэвіча, а кніга «Брэст. Храналагічны даведнік» пісьменніцы Зінаіды Дудзюк раскажа пра галоўныя гістарычныя падзеі, выкладзеныя ў храналагічным парадку, якія ад старажытнасці да цяперашняга часу ўплывалі на існаванне старажытнага горада і жыццё ягоных жыхароў. Разам з героямі «Трылогіі прыгод тысячагоддзя» Анатоля Брытуна чытач перанясецца ў часы, калі яцвягі і ліцвіны мужна змагаліся за незалежнасць, адстойвалі сваю зямлю і свой гонар. З нагоды 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будзе прэзентавана і перавыданне кнігі «Пісьма вайны» Аляксандра Валковіча.

Краязнаўчая віктарына па гісторыі Брэста дапаможа гледачам адчуць святочны настрой горада-юбіляра, фотавыстава Аляксея Скакуна «Брэстчына літаратурная» раскажа аб значных мерапрыемствах, якія адбываліся на працягу апошніх гадоў у Брэсцкім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, сваімі творчымі здабыткамі і планамі падзеляцца з гледачамі пісьменнікі, Любоў Красеўская, Анатоль Бензярук, Андрэй Мазько, Мікола Бусько…

31 жніўня адбудзецца яшчэ адна запамінальная падзея — фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», у якім выступяць і нашы, брэсцкія, рабяты, выхаванцы народнай тэатр-студыі «Раёк»: Кіра Свібовіч з байкай Эдуарда Валасевіча «Шпачыны канфуз» і Маргарыта Чопка з вершам Георгія Тамашэвіча «Прапаў без весткі».

Падчас свята на цэнтральнай пляцоўцы Слоніма ўрачыста адкрыецца помнік легендарнаму Льву Сапегу, галоўнымі падзеямі свята стануць цырымоніі адкрыцця і закрыцця, узнагароджанне ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Не абыйдуць увагай у гэтыя дні і яшчэ адну важную дату: у 2020-м спаўняецца 550 гадоў з моманта яўлення знакамітай Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзе адзначыць і сам Жыровіцкі манастыр. Менавіта ў Жыровічах пройдзе круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Двухдзённая праграма будзе насычана цікавымі мерапрыемствамі і падзеямі.


Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Четверг , 19 Сентября , 2019   00 : 55

Лента новостей








Опрос