Паэт і журналіст Мікола Пракаповіч адзначыў 70-гадовы юбілей

355 просмотров 0 комментариев

«Аднойчы пачуеш – Радзіма, пасля зразумееш — навек…». Мікола Пракаповіч нарадзіўся ў вёсцы Пугачова, якая з 1979 года стала адным з мікрараёнаў Брэста.

Автор фото: Аляксей ГАНЧУК
Жыў каля Мухаўца, дзе чуў народныя песні, бачыў вясковыя святы, бегаў за калядоўшчыкамі і сам шчадраваў. Усё гэта дало адбітак на далейшы лёс.

Пра сябе і настаўнікаў

Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута імя Пушкіна. Вучыўся разам з будучымі паэтамі Алесем Разанавым і Алесем Каско. Іх заўважыў выдатны педагог, літаратуразнавец Уладзімір Калеснік. Дякуючы духоўнаму настаўніку тры студэнты, будучыя таленавітыя паэты, заўсёды дбалі пра глыбіню, вобразнасць і душэўнасць сваіх твораў.

Падчас вечарыны, прысвечанай юбілею Міколы Пракаповіча, якая прайшла ў канцы мінулага тыдня ў абласной бібліятэцы імя Горкага, вядучы імпрэзы дацэнт кафедры беларускай філалогіі БрДзУ Уладзімір Сенькавец назваў Міколу Пракаповіча і Алеся Каско Янкам Купалам і Якубам Коласам берасцейскай літаратуры. З-пад іх пяра свет убачылі высокамастацкія кнігі паэзіі. Вершы юбіляра чыталі школьнікі, студэнты філфака і цытавалі сябры-паэты з навукоўцамі. Народны ансамбль песні «Спадчына» Тэльмаўскага дома культуры выканаў песні на вершы Міколы. Акрамя віншаванняў адбылася прэзентацыя новай кнігі аўтара «Прытулак памяці».

З мэтрамі айчыннай літаратуры

Будучы сакратаром абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікола Пракаповіч у другой палове 80-х гадоў гуртаваў вакол сябе пачынаючых літаратараў і нават вазіў дэлегацыі моладзі на семінар у Дом пісьменнікаў у Каралішчавічы. У адной з паездак пашчасціла прыняць удзел аўтару гэтых радкоў. Запомнілася атмасфера тыднёвых семінараў, знаёмстваў, незабыўных сустрэч. На прыканцы семінара да нас завіталі Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак і іншыя славутыя пісьменнікі. З Міколам Пракаповічам яны віталіся за руку . Уражвалі простыя, чалавечыя зносіны. Дасюль захоўваю памятны фотаздымак, на якім мы, пачынаючыя літаратары, стаім разам з вядомымі свету паэтамі і празаікамі.

Таленавіты журналіст

Пасля заканчэння вну Мікалай нейкі час настаўнічаў на Піншчыне, затым трапіў на абласное радыё і неўзабаве перавёўся на тэлебачанне. Доўгі час быў аўтарам і вядучым перадач «Творчыя сустрэчы», «Далягляды». А яго аўтарскую перадачу «Край» ведалі і памятаюць не толькі ўсе творчыя людзі Берасцейшчыны, але і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю ў рэгіёне. У эфір выйшла больш за 500 выпускаў гэтай перадачы. Мікола Пракаповіч з’яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, заснаванай Брэсцкім аблвыканкамам, мае званне «Берасцейская зорка» ў намінацыі «Журналістыка».

І прэмія пудовая

У 2001 годзе паэт і пчаляр Мікола Папека супольна з абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў заснаваў літаратурную мядовую прэмію — 16 кілаграмаў мёду. Самым першым уладальнікам прэміі быў лепшы сябар Міколы Алесь Каско. На жаль, яго ўжо няма з намі. Сёлета Мікола Папека прыняў «аднагалоснае» рашэнне даць пудовую прэмію Міколе Пракаповічу.

Аляксей ГАНЧУК

Вторник , 11 Декабря , 2018   15 : 04

До 1000-летия Бреста осталось
Лента новостей








Опрос