Квітней, дзясятка! СШ №10 Брэста адзначыла 40-гадовы юбілей

250 просмотров 0 комментариев

У гэтай школе мне пашчасціла працаваць. Больш таго, я сама скончыла яе, атрымаўшы спецыяльнасць «Мастак-афарміцель».

Автор фото: архіў СШ №10
Работа ў дзясятцы для мяне нібы вяртанне ў родны дом, сям’ю, да таго ж, большасць педагогаў дадатковай адукацыі працуюць тут з гадоў майго юнацтва.

Будавалі як эксперыментальную

Адгарнем старонку гісторыі дзясятай школы. Яе пабудавалі ў 79-м як эксперыментальную школу з мастацка-архітэктурным ухілам. Шмат дырэктараў змянілася за час яе існавання, але з упэўненасцю можна адзначыць, што кожны з іх рабіў усё для таго, каб школа квітнела і славілася поспехамі сваіх вучняў і педагогаў.

З 2014-га школу ўзначальвае Алена Старык – добразычлівая, справядлівая, адказная. Для любога педагога шчасце працаваць пад кіраўніцтвам такога дырэктара, як Алена Мікалаеўна.

Да нас госці!

На юбілей у актавай зале школы сабралicя яе працаўнікі, вучні з бацькамі, выпускнікі і былое кіраўніцтва. Прыйшлі таксама кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Вячаслаў Дашкевіч, начальнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, аддзела па адукацыі гарвыканкама Анатоль Наскоў, упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Віталій Шчэрба.

Дзве гадзіны канцэртнай праграмы расказалі гісторыю станаўлення школы. Нумары навучэнцаў і выпускнікоў школы: спевака і вядучага Ігара Пашэчкі і яго сястры актрысы Ірыны, братоў Харэвічаў і іншых — чаргаваліся з выступленнямі запрошаных і нашых школьных творчых калектываў. Бралі слова і выпускнікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у абранай прафесіі. Адна з выпускніц школы, напрыклад, працуе ў ААН у Бруселі.

Да залатога юбілею

Але ж у першую чаргу школа № 10 славіцца таленавітымі вучнямі і педагогамі. Вучні штогод становяцца пераможцамі прадметных алімпіяд усіх этапаў, мастацкіх конкурсаў, удзельнічаюць у пленэрах, у тым ліку міжнародных. У школе працуе музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народнага быту Брэстчыны.

У дзясятай школе стала традыцыяй адраджаць народнае мастацтва праз факультатыўныя заняткі па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Гэта вельмі важна для маладога пакалення.

Веру, што дзясятка здолее не толькі захаваць існуючыя традыцыі, але і стварыць новыя да свайго залатога юбілея.
Жадаю роднай школе далейшых поспехаў. Квітней, дзясятка!

Святлана СЁМІНА, настаўніца англійскай мовы СШ № 10

Воскресенье , 15 Декабря , 2019   11 : 08
Лента новостей








Опрос