Кірыл Заўражны з СШ№7 перамог у конкурсе педагогаў

251 просмотр 0 комментариев

У Маскоўскім раёне Брэста падвялі вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады настаўнік Брэстчыны”. Падчас конкурсных выпрабаванняў моладзь паказвала тэарэтычная і практычныя веды, метадычныя ўменні і навыкі, творчыя здольнасці.

“Настаўнік павінен быць прыкладам для пераймання, — лічыць настаўнік матэматыкі Кірыл Любчук з школы № 1. — Яго паводзіны, манеры, маўленне, вобраз мыслення маюць вялікае ўздзеянне на дзяцей. Навучанне — гэта не толькі перадача ведаў па пэўным прадмеце, а раскрыццё светаадчування, сістэмы каштоўнасцей, дэманстрацыя адносін да ўсяго, што адбываецца вакол”.

Цікавы ўрок па тэме “Дзяленне мнагазначных лікаў на адназначныя” ў 4 класе правёў настаўнік пачатковых класаў Кірыл Заўражны з СШ № 7. Ён выбраў педагагічную прафесію невыпадкова. Любоў да яе перадалася ад бабулі. Настаўнік яшчэ захапляецца баскетболам, іграе на гітары, вядзе школьныя і гарадскія мерапрыемствы.

Настаўніцы пачатковых класаў Дар’я Гендэль з СШ № 28, Таццяна Ільютчык з 30-й, Наталля Вакульская з дзіцячага сада-пачатковай школы № 1 і Вікторыя Саладуха з 1-й школы паказалі добрую метадычную падрыхтоўку.

Настаўніца англійскай мовы Настасся Сахарчук з школы № 3 удзельнічае ў інавацыйным праекце і конкурсах рознага ўзроўню. Яе калега Алена Хвядзевіч з 23-й школы ўжо мае свой настаўніцкі почырк.

Настаўніца хіміі і біялогіі Кацярына Драгун з школы № 26 актыўна выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Вучні педагога займаюцца даследчай дзейнасцю, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсе “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры”.

Настаўніца англійскай мовы Таццяна Пекач з ясляў-сада- школы № 6 умее зацікавіць вучняў замежнай мовай: выкарыстоўвае гульнявыя метады, фарміруе метапрадметныя кампетэнцыі.

Пераможцай конкурсу стаў Кірыл Заўражны. У сваім партфоліа ён напісаў: “Прафесія настаўніка мяне выбрала сама, і гэтаму я вельмі рады. Не ўяўляю сябе ў іншым статусе. Работа з дзецьмі вельмі адказная, але і адна з самых жыццярадасных, бо штодзень падштурхоўвае да новых здзяйсненняў”.

Жыццёвае крэда Заўражнага гучыць так: “Я раблю тое, што люблю, і люблю тое, што раблю”. Малады настаўнік упэўнены, што дзецям цікава вучыцца толькі ў цікавага педагога, таму ён імкнецца адпавядаць гэтаму і знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку. Тэму па самаадукацыі “Праектаванне работы з адоранымі дзецьмі як сродак эфектыўнага павышэння якасці адукацыі” выбраў невыпадкова: яго маленькія чамучкі неаднаразова станавіліся пераможцамі розных конкурсаў.

Конкурс паказаў, што моладзь любіць абраную прафесію. А ўрокі канкурсантаў засведчылі, што іх крокі па настаўніцкай дарозе ўпэўненыя і паспяховыя.

Ніна ДРЫК,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста
Суббота , 15 Июня , 2019   15 : 31

Лента новостей








Опрос