Ігар і Уладзіслава Скавародкі: мастакі і шчаслівая пара

600 просмотров 0 комментариев

Цуд, што ў наш прагматычны час ёсць тыя, хто не падуладны матэр’яльнаму.

Знаёмства з мастакамі Уладай і Ігарам Скавародкамі адбылося падчас абароны творчых прац выхаванцаў у дзясятай школе Брэста.
Супругі Скавародкі скончылі Віцебскі педінстытут, яго мастацка–графічны факультэт. І вось мы ў іх майстэрні.

Захапіла з дзяцінства

Далікатная, сціплая і памяркоўная Уладзіслава Уладзіміраўна. Сціпласць у паводзінах, гаворцы і поглядзе. З душы яе струменіць хараство душэўнага цяпла. Ігар Мікалаевіч сустракае не менш прывабнай усмешкай гаспадара.

Людзі творчых прафесій звычайна рана робяць свой выбар. Ігар Мікалаевіч пачаў свой пошук у мастацтве яшчэ ў дзяцінстве. У роднай вёсцы Пышна на Лепельшчыне хлапчук захапіўся разьбой па дрэве, якая завалодала ім на ўсё жыццё.

Улада першыя ўрокі малявання атрымала ад мамы Надзеі Іванаўны, а сустрэча з педагогамі Уладзімірам Тулупавым і Аляксандрам Апонцавым, выкладчыкамі Брэсцкай дзіцячай мастацкай школы №1 вызначылі жыццёвы выбар. Тут у першай мастацкай школе былі і першыя ўзнагароды, і прызнанне.

Палотны поўныя святла

Нягледзячы на ўсе складанасці жыцця яны ствараюць карціны. Кожная –нечаканае адкрыццё асобы творцаў. Мікракосмас з іх уласнай планетай, дзе фарбы палотнаў прыцягваюць і не адпускаюць. Творчасць адрозніваецца глыбінёй і арыгінальнасцю выбраных тэм. Шэраг палотнаў – апавяданне ў часе і прасторы. Гэта размова з прасторай. Акварэль падобна на само жыццё. Выявы, перададзеныя пэндзлем, выплываюць з убачаных вобразаў прыроды роднага краю. Акварэльныя фарбы палоняць і не хочуць адпускаць, зараджаюць энергіяй.

“Раніца”, “Вечаровы Брэст”,”Храмы Берасцейшчыны”,серыя”Стары парк” – гэта назвы работ Уладзіславы, якая працуе з акварэльлю і роспісам тканіны.

Тэхніка Ігар Мікалаевіча – масляны жывапіс: “Бабіна лета”, пейзажы з цыкла “ Браслаўскія азёры”, серыя карцін на радзіме Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, “Камянецкія званы”. Нязмушана і лёгка перададзены каларыт мясцовасці на палотнах, поўных святла.
Крыніцай натхнення для абодвух з’яўляюцца простыя рэчы , маляўнічыя куткі малой радзімы , звычайныя прадметы побыту. Носьбіты мастацкай гармоніі, яны ўмеюць захаваць на сваіх палотнах унікальнасць моманту. Работы пакідаюць месца для шматк роп’я, за якім – працяг адлюстравання свету.

Не лічаць перамог

Ігар і Уладзіслава – члены Саюза мастакоў. Іх поспех складаецца з маленькіх зерняў сваіх выхаванцаў. Разам яны робяць цуды.
За сталом над сваімі працамі шчыравалі сённешнія вучаніцы Вераніка Ваўчок і Кацярына Яўтуховіч. Можа, майстры- настаўнікі паспрыяюць у выбары прафесіі, аснова якой – талент. Выхаванцы Уладзіславы і Ігара – пераможцы шматлікіх конкурсаў. Яны не лічаць перамог, адддана і шчыра працуючы з дзецьмі ў школе.

“Дзяцей трэба любіць, яны як кветкі адкрываюцца сонцу, вераць табе. Дзеці любяць і адчуваюць праўду, цэняць па –свойму, надоўга” – кажа Уладзіслава Уладзіміраўна . Шмат іх выхаванцаў знайшлі сябе ў творчых прафесіях: мадэльеры Вольга Савінава, Кацярына Міхноўская, архітэктары Юрый Ткачэнка, Валерыя Ярмак, Дзмітрый Залататрубаў...

Яны ўдзельнічаюць у многіх пленэрах.Так, на міжнародным плэнэры ў польскім Хенчэны іх прафесіяналізм у тэхніцы акварэльнага жывапісу адзначаны медалём. Супругі ладзяць свае выставы і маюць шмат прыхільнікаў свайго таленту.

Уладзіслава Уладзіміраўна ў суаўтарстве напісала вучэбную праграму факультатыўных заняткаў для 5-6 класаў “Асноўныя тэхнікі роспісу тканіны”. У 2014 годзе яна склала праграму для Нядзельных школ па рукадзеллі “Лета Гасподняе”, за што атрымала падзяку ад Інстытута тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія.

Вочы дзяцей

Сутнасць шчасця для Уладзіславы як жанчыны – мацярынства, як педагога – вочы дзяцей, якія струменяць радасцю ад творчасці. Для Ігара - пакінуць след на роднай зямлі, быць стваральнікам. Вось толькі некаторыя іх працы: роспіс музея касманаўтыкі ў Тамашоўцы, аквапарка ў Пружанах, сада-школы ў мястэчку Мокрае на Пружаншчыне. Нядаўняя праца – роспіс разам з іншымі мастакамі мура на вуліцы Міцкевіча сюжэтамі з жыцця старога Брэста.

Калі ласка

Супругі Скавародкі мараць больш працаваць як мастакам і ўдасканальвацца як настаўнікам. Пакінуць след для нашчадкаў фарбамі на сваіх палотнах. Іх імёны ўвайшлі у Энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”.

Сямейнае гняздо нашых герояў трывалае , бо заснавана на добрых справах, на прынцыпах узаемапавагі . Падчас бяседы Уладзіслава нязмушана і шчыра казала мужу: “Калі ласка”. У сям’і Уладзіславы і Ігара двайняты Барыс і Глеб, цяпер яны студэнты.

Уладзіслава і Ігар шмат гадоў працуюць на ніве адукацыі, гадуючы юных мастакоў. Дырэктар дзясатай школы Алена Старык адзначае: “Такіх людзей мала, яны творчыя, з іскрынкай. Сваю справу заўжды робяць шчыра, ад душы, не выстаўляючы напаказ.
А ў школе калегі кажуць:” Два ў адным – шчаслівая сямейная пара”.

Ніна ДРЫК
Пятница , 15 Ноября , 2019   05 : 38

Лента новостей








Опрос