Здольная зрабіць сад квітнеючым

923 просмотра 0 комментариев

 Неаднойчы даводзілася пераконвацца ў слушнасці слоў: моладзь таленавітая ва ўсім. Знаёмства з Юліяй Крэйдзіч, настаўніцай геаграфіі брэсцкай сярэдняй школы № 12, яшчэ раз пераканала мяне ў гэтым.

Круг захапленняў у маладога педагога надзвычай шырокі: дастаткова сказаць, што ў пяць год Юля пачала пісаць вершы. За яе плячыма ­ музычная школа па класе домбры і самастойнае авалоданне ігрой на гітары. Засвоіўшы розныя мастацкія тэхнікі, творца­самавучка заахвочвае да гэтага і дзяцей…

 Кім быць? У Юліі было некалькі варыянтаў, але яна выбрала нялёгкі шлях педагога. Чаму? Бо адчувала, што ў гэтай прафесіі будуць запатрабаванымі ўсе яе захапленні. Так яно і адбылося. Напарыклад, падчас урокаў настаўніца ўдала выкарыстоўвае свае вершы: і гэта, насапраўды, эфектыўны сродак для засвойвання матэрыялу. На змену звыклым прыйшлі камп’ютарныя тэхналогіі ­ і тут, дзякуючы стараннасці, педагог шмат чаго дабілася. У праватнасці, засвоіўшы камп’ютарную графіку, яна сама распрацоўвае і творча падае рознастайныя мультымедыйныя праекты.

Акрамя таго, Юлія Сцяпанаўна – кіраўнік раённай творчай групы настаўнікаў геаграфіі “Пошук”. Падчас работы аб’яднання ўкаранёны ў практыку ўрокі па краіназнаўству, прыродзе Паўночнай Амерыкі і экалагічнага напрамку.

У апошнія гады сістэма адукацыі накіравана не столькі на засваенне вучнямі сумы гатовых ведаў, колькі на фарміраванне іх інтэлектуальных уменняў. “Як выжыць у ХХI стагоддзі?” – так называецца камп’ютарная мадэль будучыні, якую падрыхтавала “геаграфічка”. Падчас падобных заняткаў дзеці маюць магчымасць пазнаёміцца з метадамі прагназавання і мадэлявання ў геаграфіі, вучацца прадбачваць вынікі чалавечай дзейнасці, ствараць уласныя геаграфічныя мадэлі. Юлія Сцяпанаўна прытрымліваецца прынцыпу “Навучыць дзяцей вучыцца”, знайсці у кожным талент, распаліць агеньчык творчасці. Малады педагог пераканана, што сучасная школа ­ не толькі крыніца атрымання ведаў, але і месца, дзе настаўнік ­ творчая асоба, здольная арыгінальна падаць свой прадмет…

Гартаючы папку па самаадукацыі Юліі Крэйдзіч, на адной з старонак я прачытала радок з Шэкспіра: “Наша слова – гэта сад, а наша воля – гэта садоўнік”. А далей прыгожым курсівам настаўніца вывела: “Я здольная зрабіць сад квітнеючым, пустыня не па мне”…

Ніна ДРЫК, намеснік загадчыка вучэбна­метадычнага кабінета аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста

 

Автор: 3
Суббота , 24 Августа , 2019   16 : 21


Лента новостей








Опрос