"Дажынкі" ў Ляхавiчах: з зямлёй на адной мове

756 просмотров 0 комментариев

Перагорнута яшчэ адна яскравая старонка ў гісторыі Берасцейшчыны. У мінулыя выхадныя ў Ляхавічах адгрымеўабласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”.Як заведзена, раённы цэнтр загадзя і грунтоўна падрыхтаваўся да гэтай сустрэчы, што каштавала абласному і мясцоваму бюджэтам больш за сто мільярдаў рублёў.


І гасцінны горад над ракой Ведзьмай заззяў свежымі “нясумнымі” фарбамі: аўтастанцыя, 3-D кінатэатр, школы, садкі, вуліцы і дарогі…
Адкрываючы ўрачыстую цырымонію на цэнтральнай плошчы, дзе размясцілася галоўная сцэна, кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар падкрэсліў, што гэта свята тых, хто гаворыць з зямлёй на адной мове, сапраўдных гаспадароў, клапатлівых і працавітых, без якіх нават самая ўрадлівая глеба не дасць належнага ўраджаю. “Менавіта такія людзі сабраліся на сённяшнім свяце. Дзякуючы ім наша вобласць з 2008 года ўпэўнена трымае планку ў мільён тон збожжа”, - адзначыў старшыня аблвыканкама. Па выніках мінулагадовага жніва Брестчына стала пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва, а па валавай вытворчасці сельгаспрадукцыі наш рэгіён апярэдзіў не толькі іншыя вобласці Сінявокай, але і суседнія краіны. “Збожжа на душу насельніцтва мы сабралі ў два разы больш, чым у Расіі, і больш, чым у хлебнай Украіне, па мясу гэты паказчык вышэйшы ў тры разы, па малаку – у чатыры”, - канстатаваў кіраўнік рэгіёна.

Брэстчына не толькі выконвае важную функцыю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны, але і прадае значную частку сельгаспрадукцыі за мяжу. “Даручэнне кіраўніка дзяржавы аб экспарце харчовай прадукцыі на мільярд долараў ужо выканана. У 2012-м мы выйшлі на 1 мільярд 164 мільёны, а ў першым паўгоддзі бягучага года перавысілі лічбу ў 621 мільён долараў. Гэта амаль чвэрць рэспубліканскага аб’ёму, а ў экспарце гатовай мясной прадукцыі доля вобласці яшчэ вышэйшая – каля сарака працэнтаў”. Сёння перад земляробамі Брэстчыны пастаўлена новая задача – да 2015 года дасягнуць лічбы ў паўтара мільёны сабраных тон зерня.

А тым часам тройка сёлетніх раёнаў-пераможцаў у вобласці ў “камандным заліку” выглядае так: Пружанскі, Бярозаўскі і Баранавіцкі. Брэсцкі ж раён, хоць абласны “п’едэстал” і не скарыў, прэтэндуе на перамогу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах як лепшы ва ўборцы збожжавых.
Апроч афіцыйнай часткі, усіх гасцей свята чакалі традыцыйныя кірмаш рамёстваў, майстар-класы, выступы артыстаў, спартыўныя спаборніцтвы, святочны феерверк. Аж на восем кіламетраў расцягнуліся гандлёвыя намёты, дзе абласны цэнтр асобным “кварталам” прадставілі вядучыя брэсцкія прадпрыемствы: “Санта Імпэкс”, “Савушкін прадукт”, “Белалка”, “Брэсцкае піва” і многія іншыя.

Але найбольш крэатыўна, напэўна, прадставіў сваю прадукцыю Брэсцкі мясакамбінат, “збудаваўшы” на гандлёвай вуліцы “старажытны замак”. Вястун у сярэднявечнай вопратцы запрашаў пачаставацца ўжо вядомымі, а таксама не прайсці міма новых мясных гатункаў: варана-вэнджаных каўбасаў “Чарыза” і “Каралеўская”, рулетаў з мяса птушкі “Мазаіка” і “Арыгінальны з зелянінай”, хлябца “Брэсцкі” і іншых. Як след падсілкаваўшыся, побач з “замкам” біліся “рыцары”, а “прыдворны мастак” пісаў партрэты пакупнікоў берасцейскіх мясных прысмакаў. А ў павільёне насупраць мы заўважылі знаёмы ўжо многім вобраз “купца Хлебнікава”. Карацей кажучы, арганізатары зрабілі ўсё, каб гэтае свята не згубілася ва ўспамінах усіх яго ўдзельнікаў, чаму падаўшы час ад часу дробны дожджык ніяк не перашкодзіў.
Застаецца толькі дадаць, што рэспубліканскія “Дажынкі-2013” Жлобін чакае 27 і 28 верасня. 

{morfeo 236}

 

Автор: 207
Вторник , 20 Октября , 2020   23 : 57
Лента новостей

Опрос