У гарадской бібліятэцы імя Пушкіна прайшла яго прэзентацыя. Аўтар лічыць, што старажытныя драўляныя храмы — найкаштоўнейшая частка палескай спадчыны. “Векавыя святыні — гэта матэрыяльная сведчанне ўнікальнай народнай культуры палешукоў, іх захаванне да нашага часу дае магчымасць аднавіць веды пра традыцыі нашага краю, падкрэсліць своеасаблівасць гістарычнага шляху Беларусі і Брэстчыны. Сакральныя помнікі — гэта сапраўдныя музеі, бо там захоўваюцца здабыткі мастацтва — іканапісныя творы”, — гаворыць аўтар.
Ведаюць Валерыя Мароза па кнізе “От Берестья до Бреста из века в век”, якая з’явілася ў 2003 годзе, хутка стала бестселерам і выдавалася некалькі разоў вялікім тыражом. Цудоўныя ілюстрацыі, падмацаваныя трапным словам, дапамагаюць здзейсніць падарожжа ў мінулае горада з тысячагадовай гісторыяй.
“Мяне заўсёды цікавіла гісторыя, не раз задаваўся пытаннем, якая роля належыла Беларусі ў кантэксце сусветнай палітыкі і культуры. Ідэя напісання кнігі ўзнікае выпадкова, з’яўляюцца абставіны, якія падштурхоўваюць мяне да гэтага. Першая кніга нарадзілася з таго, што ў выдавецтве мяне папрасілі напісаць уступны артыкул да мастацкага альбома фатографа. Узяўся за справу, напісаў некалькі абзацаў, ды так захапіўся, што рукапіс дарос да 120 старонак. У выніку фотаальбом перарос у ілюстраваную кнігу, у якой я паспрабаваў вызначыў ролю Брэста ў культуры і палітычным жыцці краіны, пачынаючы ад Сярэднявякоўя і да нашага часу”, — гаворыць Валерый Мароз.
Другая кніга аўтара “Сквозь годы и грозы XX века” расказвае пра польскую і савецкую выведку і контрвыведку 1920-1939 гадоў.
Пяць тысяч крыніц
Над выданнем “Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны” аўтар працаваў дзесяць гадоў, за гэты час ім было прачытана больш за пяць тысяч крыніц. Бібліяграфія ўраджвае, як і фармат энцыклапедычнага даведніка, у якім, акрамя навуковай базы, змешчаны слоўнікі рэдкіх слоў і літургічнай літаратуры, геаграфічны паказальнік і паказальнік імёнаў і прозвішчаў, якія даюць магчымасць хутка знайсці неабходныя населеныя пункты ці асобы, — і ўсё пад адной вокладкай. Цудоўнае манументальнае выданне на 511 старонак, 140 з якіх займаюць гістарычныя і сучасныя здымкі царквоў і касцёлаў. Акрамя задакументаваных фактаў, аўтар прыводзіць шмат мясцовых легенд пра іконы і цэрквы.
“Вельмі ўдзячны выдавецтву за іх працу. Справа ў тым, что адна старонка энцыклапедычнага выдання — гэта тры старонкі звычайнага фармата. Прыйшлося б тады выдаваць тры тамы. Рыхтуючы кнігу, я выкарыстоўваў літаратурныя крыніцы, таму што ў іх часта бывае больш інфармацыі пра тую ці іншую эпоху, яе ўспрыманне людзьмі, у іх можна знайсці больш, чым у сухіх архіўных дакументах. Спадзяюся, што ў выдання будзе шчаслівае жыццё. Яно будзе карысным людзям розных узростаў”, — расказвае краязнаўца.
Дапамагла нябесная канцылярыя
Валерый Мароз па адукацыі журналіст. Атрымаўшы любоў да гісторыі і мастацтва ад сваіх продкаў, ён вырашыў займацца даследчыцкай дзейнасцю.
“Я паступіў на факультэт журналістыкі БДУ ў 1978 годзе. Якраз тады пачалі публікаваць навуковыя артыкулы пра беларускае мастацтва. Мяне вельмі зацікавіў гэты накірунак, чатыры гады я слухаў лекцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі, потым у палітэхнічным інстытуце. Шмат чытаў навуковай літаратуры. Калі Беларусь атрымала суверэнітэт, гэта падштурхнула мяне больш плённа займацца гістарычнымі даследаваннямі. Я пачаў пісаць артыкулы ў навуковыя часопісы і зборнікі. А потым дайшла справа да кніг. Я заўсёды кажу, што мне дапамагалі ў нябеснай канцылярыі.
Як чалавек, які шукае згоду, а не супярэчнасці, я пісаў пра праваслаўнае, пра ўніяцкае, пра пратэстантскае мінулае, таму што гэта наша гісторыя — яна непарыўная. Калі аддаваць каму-небудзь перавагу, будзе шмат пакрыўджаных. Маімі кансультантамі былі асобы духоўнага асяроддзя”.
Стаіць з 16-га стагоддзя
У кнізе зробленая маштабная спроба гістарычнай рэканструкцыі працэсаў будаўніцтва, разбурэння і аднаўлення драўляных хрысціянскіх святынь Брэстчыны мінулых стагоддзяў на фоне грамадска-палітычных і рэлігійна-канфесійных працэсаў.
“Наша зямля прайшла складаны гістрычны шлях, хацелася падкрэсліць велізарную разнастайнасць — культурную, багаслоўскую, канфесійную, нацыянальную. Калі вы зойдзеце ў любую царкву альбо касцёл, можаце пабачыць уплыў розных культур і стыляў. Напрыклад, у Збірогах пад Брэстам у царкве 16-га стагоддзя ёсць алтарная карціна “Багародзіца – Маці Божая-карміцелька”, якая напісана трыста гадоў таму”, — расказвае Валерый Мароз.
Тапілі печы іконамі
У даведніку можна па стагоддзях знайсці інфармацыю аб тым, дзе і кім была пабудавана царква ці касцёл. Напрыклад, у 16 стагоддзі толькі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці было пабудавана 304 сакральныя аб’екты. На жаль, шмат з іх былі знічшаны на працягу войнаў.
Па словах Мароза, у Беларусі засталося толькі два працэнты рухомых і нерухомых помнікаў. Нават у Жыровіцкім манастыры тапілі печы старажытнымі іконамі і рукапісамі. Так сцвярджае аўтар.
Забыцца пра лапаціну
“На кожны радок у кніжцы ёсць навуковыя спасылкі. Я эканоміў словы, выкрэсліваў лішнія, пісаў тэлеграфным стылем. Задаволены, што яе можна чытаць, разгарнуўшы любую старонку. Усцешаны, што сабраў здымкі, якія адлюстроўваюць помнікі, якія былі раней, а не тыя, якія мы можам сёння ўбачыць. Ісціна ў тым, што мы хрысціяне, у нас ёсць культ Хрыста. Мы павінны думаць пра тое, што нас яднае ў гэтым свеце. Раннія славяне былі язычнікамі, яны маглі не карміць альбо забіваць сваіх старых бацькоў.
Хрысціянства вывела нас з жывёльнага свету. Напрыклад, на Століншчыне да нашага часу памятаюць пра абрад лапаціна. Збіраўся род і раіўся, што зрабіць з нямоглымі бацькай ці маці. Бралі лапату, якой саджалі хлеб у печ, альбо веялі зерне і забівалі іх ёй.
Некаторыя жыхары Століншчыны і сёння могуць сказаць: “Які ты стары стаў, табе ўжо трэба лапаціна”. Менавіта хрысціянства пазбавіла нас ад звярынага”, — кажа аўтар.
Калі гартаеш кнігу, адчуваеш шматгранную даследчыцкую працу, кожная старонка прасякнута любоўю да роднага краю. Выданне будзе цікавым усім аматарам гісторыі.
Алена РЫМАШЭЎСКАЯ
Выйшла кніга “Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны”
31.05.2019 589 просмотров 0 комментариевНаш зямляк, гісторык і краязнаўца Валерый Мароз даўно займаецца вывучэннем роднага краю. Яго трэцяе творчае дзіця, унікальнае выданне “Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны”, выйшла ў свет у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”.