Восем пісьменнікаў з Брэста выйшлі ў фінал конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія Беларусі»

100 просмотров 0 комментариев

Конкурс праводзяць штогод.

Сёлета згодна з рашэннем экспертнага савета ў фінал трапілі 67 кніг, выдадзеных у мінулым годзе, у васьмі намінацыях. Прыемна, што разнастайна прадстаўлены ў конкурсе творчыя здабыткі брэсцкіх аўтараў. Пра літаратурны свет пагутарылі з старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай Дземідовіч.


— Колькі кніг нашых землякоў прайшло ў фінал конкурсу?


— Сёлета аддзяленне вылучыла на  «Нацыянальную літаратурную прэмію» кнігі семярых пісьменнікаў, пяцёра з якіх жывуць і працуюць у Брэсце. Акрамя таго, на галоўную ўзнагароду ў намінацыі  «Лепшы дэбют» прэтэндуе ўдзельніца літаратурнага клуба  «Адкрыццё» пад кіраўніцтвам пісьменніцы Зінаіды Дудзюк Вольга Сандрыкава з незвычайнай казкай  «Пасхальны свет». Дарэчы, Зінаіда Дудзюк у 2018 годзе ў Іванаве ўганаравана высокай узнагародай гэтага конкурсу. І пакуль што яе Нацыянальная літаратурная прэмія першая і адзіная сярод літаратараў Брэстчыны. Таксама ў спіс намінантаў трапіла кніга Васіля Дэбіша  «Шамятоўка», прысвечаная яго малой радзіме, і кнігі ўраджэнцаў Брэстчыны Зіновія Прыгодзіча і Анатоля Рэзановіча.


— Накірункі разнастайныя?


— Наша творчая суполка прадставіла выданні ў розных намінацыях і імкнулася паказаць тыя кнігі, што карысталіся папулярнасцю на перыферыі. Яны распавядаюць пра гісторыю, незабыўныя падзеі, якія адбываліся на Брэстчыне, дэманструюць жанравую разнастайнасць, самабытнасць творчай працы брэсцкіх аўтараў. 

Так, у кнізе Георгія Тамашэвіча  «Анёл над Брэстам», прысвечанай 1000-годдзю Брэста, паэтычна акрылены галоўныя вехі станаўлення слаўнага і магутнага абласнога цэнтра. Узнёсла аўтар раскрывае глыбокія пачуцці, якія хвалююць кожнага брастаўчаніна, якому пашанцавала адсвяткаваць міленіўм роднага горада. У намінацыі  «Проза» прадстаўлена займальная прыгодніцкая кніга Анатоля Брытуна  «Трылогія прыгод тысячагоддзя», у якой адлюстраваны гераічныя падзеі мінулага. 

На званне лепшага твора ў намінацыі  «Публіцыстыка» прэтэндуе кніга Аляксандра Валковіча «Письма вайны». У год святкавання 75-годдзя Перамогі гісторыка-дакументальны ілюстраваны публіцыстычны зборнік лістоў з вайны выклікаў вялікую цікавасць у чытачоў, асабліва ў моладзі. У сонечнае падарожжа па казачных сцяжынках запрашаюць нашых чытачоў дзіцячыя пісьменнікі Вячаслаў Бельцюкоў і Ірына Морых. 


— Як мяркуеце, хто з пісьменнікаў можа атрымаць перамогу?


— Інтрыга конкурсу трымаецца да канца, а пасяджэнне журы адбудзецца напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Менавіта падчас свята ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцы атрымліваюць узнагароды.  


— Што дае пісьменніку перамога ў конкурсе?


— Гэта не толькі трапяткія хвіліны славы, грашовы прыз і вынікі ўласнага плёну, але і неверагодны імпульс для далейшай творчай працы. Усе фіналісты таксама не застануцца без увагі. Іх кнігі будуць рэкламаваць на розных рэспубліканскіх творчых пляцоўках, выставах, форумах.


— Як зараз пісьменніку выдаць кнігу?


— У любы час творцу было складана данесці сваю творчасць да шырокага кола чытачоў. Напрыклад, мая дачка зараз чытае «Записки о Шерлоке Холмсе». У старых кнігах на апошніх старонках, як правіла, змяшчаецца біяграфія аўтара. Малую здзівіла, што пісьменнік пакутаваў ад беднасці і яго шлях да славы быў няпростым і доўгім. Сёння кнігу выдаць значна прасцей: хутка і якасна працуюць дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы. Нескладана пры дапамозе родных і знаёмых, спонсараў сабраць і пэўную суму на выданне, а калі моцна пашанцуе, можна трапіць і ў планы дзяржаўных выдавецтваў. 

Але пры гэтым аўтар сутыкнуўся з іншай праблемай — інфармацыйная прастора перагружана. Зараз сусвет паглынуў Інтэрнэт. Ужо не сустрэнеш чалавека ў грамадскім транспарце з кнігай у руках, ды і зацікавіць дарослую аўдыторыю складана. Дзецям бацькі ў асноўным купляюць вучэбную літаратуру, творы класікаў. Але ўпэўнена, што сучасныя аўтары з перыферыі працуюць на будучыню, бо ў іх творах адлюстраваны і наш час, і стаўленне сучасніка да розных падзей, захоўваюцца важныя старонкі нашай гісторыі. 


—  Як складаецца справа з выданнямі ў творчай суполцы?


— Летась выдадзена 34 кнігі, у гэтым — ужо каля дваццаці. Але аўтарскіх кніг на Брэстчыне выдаецца значна больш. Сёння імкнуцца выдавацца і маладыя пісьменнікі, навучэнцы Школы маладога літаратара пры аддзяленні, і людзі больш сталыя, з жыццёвым вопытам.


—  Таццяна Анатольеўна, якой павінна быць кніга, каб яна перамагла?


— Найперш, высокамастацкай, яна мусіць аб’ядноўваць светаўспрыманне, думкі, жаданні розных пакаленняў. Для кожнага чалавека кніга — мудры настаўнік і дарадца, ахоўніца памяці, добрых традыцый і светлых жаданняў. Я думаю, па такіх крытэрыях і будзе ацэньваць творы нашых пісьменнікаў журы.


— Што пажадаеце намінантам?


— Творчых поспехаў, натхнення, вялікай чытацкай аўдыторыі. Кожны крок наперад — гэта ўжо перамога і радасць ад магчымасці быць бліжэй да чытача і побач з прафесійнымі пісьменнікамі.


Дарэчы


Пагутарылі і з некаторымі фіналістамі. Так, Георгій Тамашэвіч адзначыў, што адносіцца да конкурсу, не думаючы пра перамогу. Галоўнае для яго тое, што ў сваёй кнізе  «Анёл над Брэстам» ён змог выказаць усю сваю любоў да роднага горада. Не вельмі пакрыўдзіцца без перамогі і Ірына Морых, паколькі мае шмат моцных канкурэнтаў, але задаволена, што трапіла ў фінал. 

«Справа тут не ў перамозе, — адзначае Аляксандр Валковіч, — а ў тым, што кніга  «Лісты вайны» стане вядомая больш шырокаму колу чытачоў, бо тэма вайны — гэта моц, якая спрыяе аб’яднанню людзей».


  Наталля ШЛЯЖКА 


Пятница , 07 Августа , 2020   14 : 36
Лента новостей
Опрос