Шэсць найбольш частых памылак у беларускай мове

91 просмотр 0 комментариев

Чаму не варта казаць «прагназіраваць», «існуючыя ўмовы» і «прылады для працы».

Мы прапануем вашай увазе топ-6 найчасцейшых памылак у беларускай мове. 



1. Прыназоўнікі «па», «пры» і «для». Ад непісьменнасці яны вырастаюць там, дзе іх не можа быць, і выціскаюць добрыя мясцовыя «расліны». Яны як бы спусташаюць гаворку, робяць яе прымітыўнай, няправільнай. Ужывайце гэтыя прыназоўнікі толькі там, дзе яны да месца, і з правільным склонам.


Прыназоўнік «па» ўжываецца з месным склонам: па + кім, чым. Слушна: ісці па праспекце, чэмпіянат па футболе. Няслушна: ісці па праспекту, чэмпіянат па футболу.



Замест «па»: паводле, на, дзеля, пад, на, з.


Слушна: беларус паводле пашпарта, на загад (паводле загаду) дырэктара, роўныя памерам, бегчы лесам, захады дзеля ўдасканалення, сказаць пад сакрэтам, выбраць на свой густ, з тае прычыны, зрабіць на ўзор (паводле ўзору).


Няслушна: беларус па пашпарце, па загадзе дырэктара, роўныя па памеры, бегчы па лесе, захады па ўдасканаленні, сказаць па сакрэту, выбраць па сваім густу, па той прычыне, зрабіць па ўзоры.


Замест «для» (каб выразіць прызначэнне): каб + пачатковая форма дзеяслова; прыметнік + назоўнік; на + назоўнік; + давальны склон.


Слушна: тэкст на пераклад, загад жаўнерам, працоўныя прылады, вучнёўскі падручнік, нашто, навошта?


Няслушна: тэкст для перакладу, загад для жаўнераў, прылады для працы, падручнік для вучняў, для чаго?


Замест «пры»: падчас (пад час, у час, у часе); дзеепрыслоўе; за + назоўнік.


Слушна: падчас (пад час, у час, у часе) назірання / наведвання, назіраючы, наведваючы; ацэньваючы; за кіраўніком Давыдовічам.


Няслушна: пры назіранні / наведванні; пры ацэнцы; пры кіраўніку Давыдовічу.



2. Суфіксы -ава-, -ява- больш уласцівыя нашай мове (чым -ірава-, -ырава-).


Слушна: капіяваць, прагназаваць, праектаваць.


Няслушна: капіраваць, прагназіраваць, праекціраваць.



3. Дзеепрыметнікі з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ем-, -ім- (-ым), -ўш- не характэрныя для нашай мовы. Выкарыстоўваем суфіксы -л-, -т-, -ан-, -ен- (зрэдку -ён-) або прыметнікі, канструкцыі з дзеясловамі, назоўнікі.


Слушна: усё існае, сённяшнія праблемы, актуальны стан, цяперашнія ўмовы, наступны год, гэты этап, наяўныя абмежаванні, сённяшні момант, цяперашні клопат, дзейныя асобы, працаўнік, ахвотнік.


Няслушна: усё існуючае, існуючыя праблемы, існуючы стан, існуючыя ўмовы, будучы год, бягучы этап, бягучыя абмежаванні, бягучы момант, бягучы клопат, дзеючыя асобы, працуючы, жадаючы.



4. Ужывайце «пра» (замест «аб»).


Слушна: пра кампанію, пра спаборніцтва, пра паперу, пра гэта, пра аб’ект.


Няслушна: аб кампаніі, аб спаборніцтве, аб паперы, аб гэтым, аб аб’екце.



5. Нашай мове больш характэрныя поўныя формы прыметнікаў і дзеепрыметнікаў. (Кароткія ўжываюцца абмежавана).


Слушна: навіны агучаныя, рысы характэрныя, Беларусь зацікаўленая.


Няслушна: навіны агучаны, рысы характэрны, Беларусь зацікаўлена.



6. Памятайце пра найвышэйшую ступень параўнання прыметнікаў — не падмяняйце яе вышэйшай.


Слушна: найцікавейшы (самы цікавы) у свеце, найбуйнейшы (самы буйны) у Беларусі, найлепшыя дасягненні, найцікавейшы (самы цікавы) у свеце.


Няслушна: цікавейшы ў свеце, самы найцікавейшы, самы найцікавы ў свеце; буйнейшы, самы найбуйнешы, самы найбуйны ў Беларусі; лепшыя дасягненні, самыя найлепшыя дасягненні; цікавейшы ў свеце, самы найцікавейшы, самы найцікавы ў свеце.



Аляксандр ШЭЛЕМЕТАЎ 


Пятница , 29 Мая , 2020   18 : 37
Лента новостей
Опрос