Шаснаццаць поглядаў. У Брэсце адкрылі выставу жывапісу Лявона Валасюка

187 просмотров 0 комментариев

Выстава мастака, пісьменніка, сябра Беларускага саюза мастакоў Лявона Валасюка «Зімовыя сустрэчы» пачала працу ў гарадской бібліятэцы Пушкіна.

Автор фото: Наталля КАНАНОВІЧ

Гэта сямнаццатая экспазіцыя мастака, на якой змешчана шаснаццаць карцін, выкананых алеем і алоўкам.

 

Ад захавальніцы вясёлкі да малой радзімы

 

Жывапіс і партрэты, а на іх блізкія людзі і родныя краявіды. Кожная праца Валасюка — гэта свой мір, сваё ўласнае бачанне і адчуванне не толькі іншых, але і сябе. Які ён, Лявон Валасюк, распавядае аўтапартрэт творцы пад назвай «Аўтапартрэт з вясёлкай на плячы». «Захавальніца вясёлкі» — гэта партрэт маёй жонкі, — гаворыць мастак. — А вясёлка — муза і натхненне. Натхняе на працу мяне і малая радзіма — вёска Песцянька Кобрынскага раёна, якую наведваю кожны год. Ідэі нараджаюцца пасля роздумаў, прачытаных кніг, нейкіх падзей».

Прыцягваюць да сябе ўвагу і палотны, на якіх намаляваныя кветкі: «Званочкі», «Бэзавыя хвалі», «Жоўтыя ружы», — апошнія спадабаліся мастаку сваім колерам. Лявон Валасюк любіць маляваць кветкі і мае за плячыма шмат акварэльных і напісаных алеем прац на гэтую тэматыку. Чаму так? Па яго словах, кветкі — гэта найперш колер, і яны прывабліваюць творцу сваей яскравасцю і непаўторнасцю.

Тэма малой радзімы прадстаўлена на палотнах мастака «Восень на Граеўцы» і дзвюх працах «Беларуская плашчаніца». «Гэта з дзяцінства, — распавядае пра апошнія Лявон Валасюк, — бо добра памятаю, як раней выбельвалі палотны. Яны ляжалі на траве, пад расою… Тут галоўнае для мяне ідэя». Яе мастак паказаў праз яскравыя колеры, перакрыжаванне ліній-узораў, у цэнтры якіх знаходзіцца сонца. «Берасьце. Пачатак» — праца, прысвечаная тысячагадоваму Брэсту. На заднім плане — старажытнае Бярэсце, на пярэднім — пяць зуброў-вартаўнікоў, якія ахоўваюць наш горад.

Пад час выставы аўтар пазнаёміў са сваёй новай кніжкай «Лявон Валасюк: Альбом-каталаг». Зместам яе стала творчая біяграфія мастака ў малюнках, пейзажах, партрэтах.

 

Пачатак з маленства

 

Маляванне з Лявонам Валасюком ідзе з самага дзяцінсва. «З тае пары, калі ўпершыню ўзяў у руку аловак, — распавядае мастак. — Глядзеў на свайго старэйшага брата: бачыў, што ён маляваў, тое і я. Гэта было пасляваеннае маленства, таму малявалі танкі, самалеты, аўтаматы, з гэтага ўсё пачыналася. Калі пайшоў у школу, перамалёўваў іллюстрацыі з кніжак у сшыткі. Першая мая настаўніца іх ацаніла і параіла, каб і далей працягваў маляваць. У чатырнаццаць год убачыў вынікі сваёй працы, пачаў займацца ў студыі выяўленчага мастацтва ў выдатнага педагога Міхаіла Таўмачова».

У 1981 годзе Лявон Валасюк скончыў архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Працаваў на розных пасадах у абласным навукова-метадычным цэнтры культасветработы і народнай творчасці, мастаком-дызайнерам на розных прадпрыемствах. Яго мастацкія творы-размалёўкі можна убачыць у Жабінскай раённай бальніцы, доўгі час жывапіснае афармленне інтэр’еру змяшчалася ў ЦУМе. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Брэсцкім мастацкім музеі.

 

Выстава працуе да 29 лютага.

Наталля КАНАНОВІЧ

Четверг , 20 Февраля , 2020   10 : 06
Лента новостей








Опрос