Пегас і Каляды. Абласны Саюз пісьменнікаў правёў традыцыйную сустрэчу ў Брэсце

277 просмотров 0 комментариев

У музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” адбылася традыцыйная “Калядная сустрэча” сяброў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Галоўнымі яе тэмамі былі Новы год і Каляды.

Автор фото: Наталля ШЛЯЖКА
Сустрэча пачалася з выставы «Кракаўскія калядныя батлейкі», якая на час зімовых святаў прапісалася ў Брэсце. На экскурсіі па ёй пісьменнікі пазнаёміліся з 15 батлейкамі, пачулі гісторыю ўзнікнення гэтага віду народнага тэатра, а для больш поўнага разумення прадставілі кінафільм пра чароўны свет кракаўскіх вырабаў і майстроў, што працавалі над імі.

Па словах супрацоўніка музея Алы Расінскай, выстава мае вялікі поспех у берасцейцаў і гасцей горада. «Прыемна, што завіталі сёння да нас і пісьменнікі. Няхай убачанае натхніць вас на новыя творы», — пажадала яна.

Зіма — час натхнення

У асаблівай святочнай атмасферы пад бой курантаў, які далятаў з суседняй залы музея, гучалі творы, прысвечаныя зімовым святам. Распачаў чытанне заслужаны журналіст і паэт Георгій Тамашэвіч. Дарэчы, новы год для яго пачаўся з добрай навіны: у першым нумары «БВ» змешчаны яго вершы, прысвечаныя роднаму Брэсту. Гэты і падзяліўся Георгій Сцяпанавіч з калегамі па пяры.

З новай сваёй казкай выступіў журналіст, пісьменнік, гісторык Анатоль Бензярук. Сябры суполкі ў сваю чаргу павіншавалі яго з 50-годдзем.
Шмат гадоў займаецца дасканалым вывучэннем міфалогіі беларусаў пісьменніца Зінаіда Дудзюк. Цікава расказала яна пра святкаванне Калядаў: «У нашых продкаў існавала павер’е, што Каляда прыязджае на кані, пасля чаго пачынаюцца свята, весялосць, радасць, бо менавіта тады сонца паварочвае на лета. Таксама існаваў звычай хаджэння валачобнікаў з песнямі і зоркай, якая сімвалізавала сонца. Яе багата ўпрыгожвалі, у сярэдзіну змяшчалі свечку — сімвал сонечнага святла, якое з кожным днём усё больш будзе саграваць зямлю». Пісьменніца мяркуе, што імя міфічнага персанажа Каляды паходзіць ад слоў «калоць» і «лёд».

Прыемна было пачуць, што зборнік прозы Зінаіды Дудзюк «На парозе раю» стаў адным з лепшых сярод надрукаваных летась кніг. Увогуле 2018-ы стаў для пісьменніцы надзвычай плённым: яна атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію за кнігу «Пара высокага сонца», перамагла ў літаратурным конкурсе «Духоўная веліч» у намінацыі «Дзіцячая літаратура», выдала некалькі кніг.

Зіма — гэта тая пара, што натхняе многіх пісьменнікаў на творчасць. Сярод іх і Таццяна Шульга. Яна, дарэчы, нарадзілася ў трэці месяц зімы ў Прыўраллі, у горадзе Воткінску, на радзіме Чайкоўскага. Настальгія аб мінулым дае паэтцы магчымасць выказваць свае пачуцці праз лірычнае слова, якое прагучала ў яе выканнанні перад сябрамі.

Цудоўны твор пра стары Новы год зачытала на імпрэзе і намеснік старшыні абласнога аддзялення СПБ, паэтка Любоў Красеўская. Знайшлося чым падзяліцца таксама пісьменніку, публіцысту Міколу Панасюку і члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аграрыю, навукоўцу Аляксею Скакуну…Творцы звярталіся ў сваіх выступленнях да нябёсаў, зорак, космасу, прыгадалі Пятра Клімука. Ад гэтага з’явілася жаданне павіншаваць яго са святамі ўсёй суполкай. Тэлефонны званок прыемна здзівіў славутага земляка.

Аб набытках і новых даляглядах

Першая сустрэча пісьменнікаў у 2019 годзе дала магчымасць прыгадаць багатыя набыткі мінулага. Найперш, значная падзея для Брэсцкага аддзялення СПБ — святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Іванаве, у якім нашы пісьменнікі прынялі самы актыўны ўдзел. Акрамя таго, на працягу года адбыўся шэраг сустрэч пісьменнікаў з чытачамі, прэзентацый, экспедыцый па берасцейскай зямлі. Унікальныя матэрыял і фотаздымкі прывезлі з адной з экспедыцый Аляксей Скакун і Аляксандр Валковіч, потым яны леглі на старонкі чарговага нумара альманаха «Астрамечаўскі рукапіс». У 2018-м у свет выйшлі біябібліяграфічны даведнік «Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі», альманах «Берасцейская скарбніца», анталогія «Літаратурная прастора Брэстчыны»…

«Плённая праца чакае творцаў і ў гэтым годзе, — паведаміла старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч. — З першага студзеня аб’яўлены рэспубліканскі гумарыстычны конкурс «Папяровы бусел», рыхтуецца да выдання другі нумар альманаха «Берасцейская скарбніца», прысвечаны тысячагоддзю Брэста, збіраюць матэрыялы для зборніка «Навагодні анёл». Запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы і юбілею Брэста. Адбудзецца свята «Мой сусвет – кніга», падчас якога будуць прадстаўлены ўсе кнігі, выдадзеныя ў мінулым годзе пісьменнікамі абласнога аддзялення Саюза. Таксама абвесцім пераможцаў конкурсу паэзіі, прысвечанага юбілеям Ніны Мацяш і Яўгеніі Янішчыц».


Наталля ШЛЯЖКА
Пятница , 19 Апреля , 2019   16 : 57

Лента новостей








Опрос