Паэты, фантасты і казачнікі. Хто атрымаў прэмію імя Калесніка

493 просмотра 0 комментариев

Дзявятая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама адбылася ва ўніверсітэце імя Пушкіна.

Для выдатнага педагога, крытыка і даследчыка літаратуры, пісьменніка Уладзіміра Калесніка родным на ўсё жыццё стаў філалагічны факультэт. Уладзімір Андрэевіч для многіх быў і настаўнікам, і добрым сябрам. Родным яго называлі многія літаратары нашага краю, былыя вучні — Міхась Рудкоўскі, Уладзімір Гніламёдаў, Расціслаў Бензярук, Ніна Гарагляд, Алесь Каско...

Літаратурную прэмію прысуджаюць раз у два гады за высокі ўзровень мастацкіх твораў, якія ўзбагачаюць духоўнае жыццё і нацыянальную культуру Брэстчыны.

У намінацыі «Паэзія» лаўрэатамі сталі Георгій Тамашэвіч за кнігу «Анёл над Брэстам: вянок санетаў» і Уладзімір Лебедзеў за паэтычны зборнік «Росная трава». У намінацыі «Проза» атрымаў прызнанне пісьменнік-фантаст Сяргей Белаяр за зборнік навукова-фантастычных апавяданняў «Расследаванні інспектара Сарвы». Трох лаўрэатаў вылучылі ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». Узнагароду атрымала казачніца Кацярына Мядзведзева за кнігу «Разламашкі майстра Люфта». З ёй раздзялілі перамогу аўтары паэмы «Пушчанскія дзівы» браты Анатоль і Васіль Дэбішы.

Дыпломы пераможцам уручылі намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Барысюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмысцкі.

З добрымі словамі і пажаданнямі ў адрас таленавітых літаратараў выступілі члены Савета па прысуджэнні прэміі — загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства БрДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Уладзімір Сенькавец і Тамара Данілюк, якая доўгі час узначальвала бібліятэку імя Горкага. Павіншаваць пераможцаў таксама прыйшлі юныя артысты — пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапаў «Жывая класіка», творчая моладзь Брэстчыны.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,
старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
Фота Брэсцкага аддзялення СПБ
Понедельник , 03 Августа , 2020   14 : 37
Лента новостей
Опрос