Іван Шамякін. Штрыхі да партрэта

33 просмотра 0 комментариев

30 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага літаратара.

Лёс адвёў гэтаму ўраджэнцу вёскі Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці 83 гады. 60 з іх былі аддадзены літаратурнай творчасці. Моўную спадчыну Івана Пятровіча складаюць 130 кніг. Іх агульны наклад — без малога 26 мільёнаў паасобнікаў. Выдавецкі працэс прайшлі 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, больш чым за 30 апавяданняў, дзённікавыя запісы, сотні публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў. 


Пісьменнік, псіхолаг, ваяр         

У гэтай велізарнай літаратурнай спадчыне пры ўсім жаданні немагчыма знайсці такі твор, які б быў напісаны на неактуальную тэму. Такіх няма ўжо па вызначэнню. Калі ўважліва чытаеш творы Шамякіна, то кідаецца ў вочы займальнасць сюжэта. Дачка пісьменніка, Таццяна Іванаўна Шамякіна, мае рацыю, калі сцвярджае: «Я лічу, што Іван Пятровіч — адзін з лепшых у беларускай літаратуры сюжэтчыкаў, ён умеў закруціць сюжэт».  Шамякін укладваў у вусны сваіх герояў публіцыстычную накіраванасць думкі. Пісьменнік-псіхолаг, сапраўдны інжынер чалавечых душ, Іван Пятровіч насычаў свае творы страснасцю так і такім чынам, каб прывабіць чытача. Па сабе магу меркаваць, што гэта яму ўдавалася. 

Іван Пятровіч належыў да тых савецкіх пісьменнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму зусім нядзіўна, што яго першыя надрукаваныя творы былі прысвечаны гэтай тэме. Трэба звярнуць увагу на год выдання першага апавядання пад назвай «У снежнай пустыні», 1944. Тады пісьменнікаў, якія пісалі мастацкія творы пра Вялікую Айчынную, можна было палічыць на пальцах адной рукі. Праз год Шамякін адзначыцца выхадам першай аповесці («Помста»), праз чатыры гады — першым раманам («Глыбокая плынь»). І яны таксама будуць пра тую ж вайну. «Глыбокая плынь» — першы раман у беларускай літаратуры, прысвечаны антыгерманскаму супраціву ў час акупацыі БССР (1941-1944 гг.). Як бачым, Іван Пятровіч павышаў маштабнасць твораў пра вайну ў айчыннай літаратуры. У час хрушчоўскай адлігі  была этапная падзея на гэтым шляху: прайшла выдавецкі працэс першая і пакуль адзіная пенталогія ў беларускай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну — «Трывожнае шчасце». Пенталогію ўтварылі наступныя кнігі пісьменніка-франтавіка Шамякіна:   «Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэчы», «Мост». Да ліку вядомых твораў пра гэту вайну належаць таксама аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры», раманы «Снежныя зімы» i «Сэрца на далоні».


Кароткі змест, глыбокі сэнс

У рамане «Глыбокая плынь» галоўная сюжэтная лінія завязана на Таццяне Маеўскай. Да вайны яна сеяла разумнае, добрае, вечнае. А ў вогненыя гады настаўніца ідзе ў партызаны сувязной. Яна, беларуска, выратоўвае яўрэйскага хлопчыка, кажучы, што ён яе сын. У творы яшчэ шмат розных герояў — тыповых народных мсціўцаў, прадстаўнікоў народа-волата, народа, якога ніяк і нічым немагчыма зламаць, для якога няма паняцця страху.

Аповесць «Помста».  У героя твора спачатку было жаданне адпомсціць, аднак да помсты справа не дайшла. У той час, калі маёр Раманенка ваяваў на фронце, яго маці, жонка, дачка былі забіты на часова акупаванай ворагам тэрыторыі. Усё гэта было зроблена рукамі германскага акупанта Візэнера. Скончылася вайна. Раманенка даведаўся пра гэтую трагедыю. Яго рэакцыя была такой: як мага хутчэй знайсці сям’ю Візэнера і забіць яго жонку i дзяцей. Знайсці сям’ю Візэнера ўдалося. Але тут пачалi адчувацца высокая чалавечнасць i моцны духоўны грунт. Яны не дазволілі Раманенку забіць сям’ю.

Смелай для свайго часу была аповесць «Ахвяры». Перад намі зварот да тых праблем арганізацыі і ажыццяўлення антыгерманскага супраціву, якія ўходзяць сваімі каранямі ў самую прыроду таталітарнага палітычнага рэжыму. Многія праблемы ўзніклі выключна па віне сталінскіх чэкістаў, якія імкнуліся навязаць свой пункт гледжання па пытаннях, у якiх яны былі недасведчанымі. Удзельнікам антыгерманскага супраціву неаднойчы прыйшлося сутыкацца з бруднымі метадамі таталітарнага рэжыму. 

Змястоўная частка пенталогіі «Трывожнае шчасце» — адлюстраванне лёсу пакалення савецкіх людзей, якое, як падкрэсліваў  Шамякін, «прайшло праз цяжкія ваенныя выпрабаванні і засталося верным сабе і суровай жыццёвай праўдзе».

Дачка Шамякіна піша: «Яго  бацька любіў больш за іншых. Ён для мяне вельмі знакавы, я памятаю, як бацька пачынаў над ім працаваць. Гэта ж аўтабіяграфічная гісторыя маладых мамы і таты. Хаця сам бацька казаў, што ў творы 70 працэнтаў выдумкі. На тое ён і Шамякін».


Яго талент...

Можна сцвярджаць, што ніводны беларускі пісьменнік не адлюстроўваў у сваёй творчасці надзённыя праблемы сучаснасці з такой інтэнсіўнасцю, як Шамякін.

Першая праблема: дасягненне аптымальнага варыянта забудовы сучаснага горада. Найбольш поўна гэта праблема алюстравана ў рамане «Атланты і карыятыды». Героі рамана моцна спрачаюцца наконт такога варыянта. Аўтар падводзіць чытача да таго, каб прызнаць безальтэрнатыўным варыянт, які быў сфармуляваны галоўным архітэктарам горада Максімам Карначом. Максім Карнач заўсёды выступаў перакананым прыхільнікам архітэктурна-гарманічнага (комплекснага) варыянта. Гэты варыянт быў як костка ў горле для Макаеда і Ігнатовіча. Апошнія зацыкліліся на адстойванні кансерватыўна-практычнага (абыякавага) варыянта. Макаед і Ігнатовіч рашуча выступілі за  будаўніцтва на тэрыторыі горада хімічнага камбіната. Карнач робіць усё, каб гэтага не дапусціць. 

Другая праблема: пераадольванне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Катастрофе прысвечаны раман «Злая зорка». Менавіта з гэтага рамана пачалася гісторыя празаічных твораў пра аварыю на ЧАЭС у беларускай літаратуры.

Добра вядома, што ад аварыі на ЧАЭС  моцна пацярпела родная для Івана Пятровіча Гомельская вобласць. На прыкладзе раёна Гомельшчыны адлюстроўваліся ўсе тыя выпрабаванні, праз якія прыйшлося прайсці суайчыннікам класіка беларускай літаратуры. Ясна прасочваюцца чатыры сюжэтныя лініі. Першая завязана на лёсе простых людзей, другая — на асуджэнні ўлады, занадта далёкай ад народа, трэцяя — на паводзінах улады, блізкай да народа; чацвёртая — на кардынальных прыродных змяненнях. 

Трэццяя праблема: пошукі адэкватнага адказу на выклікі часу, якія былі звязаны з трансфармацыяй сацыяльна-эканамічных і палітычных адносін, якая распачалася ў час гарбачоўскай перабудовы і поўнасцю скончылася ў пачатку XXI стагоддзя. Шамякін папярэджваў улады, каб яны не пайшлі па шляху поўнага нігілізму ў адносінах да сацыялістычнага мінулага. Класік не бачыў для сябе месца ў лагеры праціўнікаў «сацыяльна-справядлівага» сацыялізму. Ён быў вельмі заклапочаны захаваннем агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцяў. Аб гэтым сведчылі аповесці «Сатанінскі тур», «Падзенне», «Без пакаяння», «Выкармак».


...і жыццё

Шамякін пакінуў шмат успамінаў пра ўласнае жыццё. Ён часта бываў у Гомелі і не было ніводнага разу, каб ён не наведаў у адзіноце вуліцу Астроўскага. Чаму? Чытаем такі адказ: «Хадзiў там з дзiўным душэўным трапятаннем. Вулiца не гарэла, i кожны драўляны дом быў да шчымоты ў сэрцы знаёмы. Гэта была вулiца нашага з Машай кахання, на ёй Маша кватаравала, i я штовечар лётаў туды на спатканне». Маша — жонка пісьменніка, Марыя Філатаўна. Яны пражылі разам 58 гадоў. І ўсе гэтыя гады Марыя Філатаўна была аб’ектам вельмі глыбокага кахання Івана Пятровіча. Літаратурны класік прысвяціў ёй сваю аповесць  «Слаўся, Марыя!».

Шамякін шмат гадоў быў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР і членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. 69 гадоў таму быў прызначаны галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна»  і працаваў на гэтай пасадзе адзін год. 12 гадоў з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». За гэтыя 12 гадоў былі выдадзены 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», 5-томная «Энцыклапедыя прыроды Беларусі», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі «Янка Купала», «Францыск Скарына і яго час», «Этнаграфія Беларусі», «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне».

Герой нарыса меў дачыненне і да міжнароднай  дзейнасці БССР. Добра вядома, што ў склад дэлегацый БССР, якія накіроўваліся на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН,  традыцыйна ўключаліся прадстаўнікі айчыннай творчай эліты. 58 гадоў таму адбылася XVIII  сесія  гэтага органа ААН. ЦК КПБ  забраніраваў адно з месцаў у дэлегацыі БССР для Шамякіна. Іван Пятровіч  выступіў на пасяджэнні аднаго з камітэтаў  Генасамблеі.

Класік айчыннай літаратуры дзевяць гадоў быў парламентарыям усесаюзнага  і аж 22 гады — рэспубліканскага узроўню. Калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, шмат дапамагаў сваім выбаршчыкам. Амаль паўтара дзесяцігоддзя афіцыйна быў кіраўніком парламента суб’екта савецкай федэрацыі. Дзесяць гадоў уваходзіў у корпус членаў ЦК КПБ. Упершыню быў абраны членам гэтага партыйнага органа ў разгар брэжнеўскага застою і працягваў членства да канца гарбачоўскай перабудовы.

Іван Шамякін  узнагароджаны залатым медалём «Серп і Молат», Дзяржаўнай прэміяй СССР,  Літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа,  Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміяй Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміяй БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання, прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Яму было прысвоена званне народнага пісьменніка БССР. А таксама ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Іван Пятровіч Шамякін памёр 14 кастрычніка 2004 года. 


Міхаіл СТРАЛЕЦ


Среда , 24 Февраля , 2021   06 : 12
Лента новостей

Опрос