Фотавыставу пра храмы Беларусі прадставіў у Брэсце Віктар Хмарук

357 просмотров 0 комментариев

У межах дня праваслаўнай кнігі ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна працуе фотавыстава паэта, фатографа-аматара Віктара Хмарука пад назвай “Храмы Белай Русі”.

Віктар Хмарук – з ліку тых, каго вабіць сваім таінствам, духоўнасцю сакральная культура Беларусі. Нарадзіўся ён у 1965 годзе ў вёсцы Цякалаўшчына Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі і аспірантуру пры Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Жыве ў Чэрнях, працуе ў Брэсце.

На выставе ён прадставіў больш за трыццаць здымкаў цэркваў, сабораў, манастыроў Беларусі. Да кожнага дададзены кароткія звесткі пра гісторыю храма і абразы, змешчаныя ў ім. “Храм – гэта неба на зямлі, – кажа фатограф. - У кожнага храма – асабістая энергетыка. Адны - ачышчаюць, другія - напаўняюць, але галоўнае - гэтыя месцы, як кажуць, “намоленыя”, у іх душа імкнецца ў неба. І псіхолагі раяць глядзець на неба. Яно пазбаўляе нас ад непатрэбных турбот і акрыляе”.

Асноўныя тэмы майстра - прырода і храмы, далі зліццё двух светаў. Непаўторная атмасфера здымкаў напоўнена асаблівым светапоглядам і ўспрыманнем. Аўтар не толькі імкнецца перадаць прыгажосць убачанага і адчутага, але і зразумець таямнічасць, дараванную Звыш.

«На фота Хмарука амаль заўсёды многа неба, – дзеліцца ўражаннямі загадчыца аддзела абслугоўвання гарадской бібліятэкі Ірына Фаміна. - Неба рознае: ярка-сіняе і далікатна-блакітнае, перадсвітальнае і азоранае, дажджлівае і неабсяжнае. Гэта бязмежжа прыцягвае, вабіць увысь, нібы кліча ў палёт. А храмы на фоне неба – гэта ўзнёсла і светла…”

Адчуваюцца ў кожным здымку і трапяткія адносіны фатографа да родных мясцін. Віктар Хмарук любіць прыроду, шмат падарожнічае па Беларусі. Уражанні перадае праз аб’ектыў і атрымлівае асалоду і сам: “Глядзіш на здымак і пачынаеш адчуваць еднасць і цяпло роднай зямлі”.

Працы Віктара Хмарука былі змешчаны ў часопісах “Эколог и я” і “Родная прырода”. У апошнім два гады запар ён перамагаў у фотаконкурсе “Краявіды малой радзімы”. У дадатак, ён аўтар чатырох зборнікаў вершаў і лірыка-філасофскіх замалёвак: “Я пакіну свой цень”, “Зёрна”, “Ростки”, “Соцветия”. Вершы яго друкавалі ў літаратурных альманахах “Жырандоля”, “Зорка Венера”, “Вдохновение”, “Берасцейская скарбніца”, у рэспубліканскіх і абласных часопісах і газетах.

Выстава працуе да 31 сакавіка.

Наталля ШЛЯЖКА
Понедельник , 08 Июля , 2019   10 : 39

Лента новостей






Опрос