Брастаўчанка Зінаіда Дудзюк атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію

100 просмотров 0 комментариев

У Брэст прыйшла добрая навіна: сярод пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі — Зінаіда Дудзюк. Яе кніга «Пара высокага сонца» стала лепшым творам у намінацыі «Публіцыстыка».

Зінаіда Іосіфаўна нарадзілася на Браслаўшчыне, з 1968 года жыве ў Брэсце. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве. Працавала інжынерам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра. Літаратурная скрыня Зінаіды Дудзюк багатая на паэтычныя, празаічныя, драматычныя творы.

— Зінаіда Іосіфаўна, прыміце віншаванні. Акрамя Нацыянальнай прэміі Вы перамаглі ў конкурсе «Духоўная веліч». Кніга «Незвычайныя прыгоды Бусліка і яго сяброў» — пераможца ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». Ці чакалі такога выніку?

— Дзякую. Спакойна стаўлюся да ўзнагарод, бо літаратура — не спаборніцтва, а творчы працэс. Аўтар не ведае, ці атрымаецца ў яго напісаць твор так, як ён задумаў, а пасля ці зразумее яго чытач, адгукнецца сэрцам.

— Пра што кніга «Пара высокага сонца»?

— Пра вядомых дзеячоў літаратуры і культуры: Уладзіміра Калесніка, Ніну Мацяш, Яўгенію Янішчыц, Святлану Курылёву, архітэктара АнатольяКудзіненку і шмат іншых, з кім я была знаёмая. У кнізе таксама нарысы і эсэ пра выдатныя постаці мінулых часоў, пра падзеі з гісторыі Брэста.

— Які адбітак на ваш лёс пакінула жыццё і творчасць гэтых людзей?

— Між радкамі ў кнізе «Пара высокага сонца» гаворыцца пра іх уздзеянне на мой лёс. На наша існаванне пакідае адбітак усё, што акаляе нас. Мы вучымся, нешта адкрываем для сябе, працягваем стасункі з людзьмі, з якімі нам цікава, і адштурхоўваемся ад тых, хто ўплывае на нашу душу адмоўна.

— У якім узросце адчулі патрэбу пісаць? Хто натхніў з пісьменнікаў на творчасць?

— Вершы пачала пісаць у школе. Упершыню надрукавалі іх у 1967 годзе ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк». Падлеткам вельмі захаплялася творчасцю Якуба Коласа. Пазней шмат чытала паэтаў-шасцідзясятнікаў і, безумоўна, уважліва сачыла за навінкамі беларускай паэзіі.

— Якімі былі першыя крокі ў творчасці? Хто падтрымліваў, даваў парады?

— Пасля першай публікацыі мяне запрасілі на пасяджэнне літаб’яднання «Крыніца» пры раёнцы, тады я пазнаёмілася з паэткай Нінай Мацяш. З таго дня пачалося наша сяброўства. Хоць яна была старэйшая за мяне на сем гадоў, мы на роўных разбіралі нашы паэтычныя набыткі, рабілі адна адной заўвагі. Цікавасць да маіх вершаў праяўляў літаратуразнавец Уладзімір Калеснік, але я старалася не злоўжываць ягоным часам і добрым стаўленнем да мяне.

— Што вас натхняе на творчасць?

— Кожнага пісьменніка натхняе цікавасць да абранай тэмы і любоў да Радзімы. Няхай не палохаюць высокія словы, бо без любові да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускі пісьменнік адбыцца не можа. Напрыклад, мяне вельмі цікавіла гісторыя славян, міфалогія — каб праз тое агульнае, што яднала славянскія плямёны, спасцігнуць гісторыю свайго народа. Я шмат што адкрыла для сябе і змагла падзяліцца гэтым з чытачамі праз такія творы, як раман-рэканструкцыя славянскай міфалогіі «Кола Сварога», аповесць-хранограф «Славянскія князі», раман «Велясіты», эсэ «Вандроўкі ў вырай», навукова-папулярная кніга «Вяртанне забытага міфа» і казкі для дзяцей «Лісце чароўнага дрэва».

Без ведання мінулага цяжка зразумець сучаснасць. Сапраўдную гісторыю свайго народа трэба ведаць кожнаму чалавеку, каб не заблытацца на жыццёвых шляхах, каб правільна ацэньваць цяперашнія падзеі і магчымы рух краіны ў будучыню, каб не цурацца свайго, роднага і не слугаваць чужым культурам.

— Што з напісанага для вас найбольш значнае?

— Кожны твор быў патрэбны маёй душы менавіта ў той час, калі ён узнік. Я не дзялю іх на больш ці менш любімыя.

— Героі вашых твораў — Скарына, Гусоўскі, Касцюшка, Сапега… Хто з іх найбольш вам блізкі? Чый лёс стане наступным творам?

— Кожны з гэтых гістарычных асоб у свой час годна выконваў сваё прызначэнне. Гэта добры прыклад для сучаснікаў. Застаецца толькі захапляцца іх таленавітасцю, самаадданасцю і вернасцю сваёй зямлі. Пра каго буду пісаць у наступным? Пакуль не ведаю. Усё залежыць ад таго, куды прывядзе мяне мая дапытлівасць.

— У вас шмат твораў для дзяцей, некаторыя нават уключаны ў школьную праграму. Ёсць меркаванне, што для дзяцей складаней пісаць, чым для дарослых. Ці так гэта?

— Я ніколі не задумвалася, ці цяжка мне пісаць. Збіраю матэрыялы, распрацоўваю сюжэт, раблю план і бяруся за справу — такая тэхналогія майго творчага працэсу.

— Нехта з пісьменнікаў сказаў: «Каб добра пісаць, трэба шмат чытаць іншых аўтараў. Толькі так можна зразумець: у правільным рухаешся ты кірунку ці не». Як у вашым выпадку?

— Чытаць трэба шмат, і не толькі тое, што патрэбна для працы, бо пісьменнік удасканальваецца на працягу жыцця, але ягоная творчасць не павінна зводзіцца да прымітыўнага пераймання.

— Якой Вы бачыце нашу літаратура ў будучыні?

— Літаратура будзе існаваць да таго часу, пакуль існуе чалавецтва. Цяпер выдаецца шмат кніг, здольных задаволіць самы патрабавальны густ.

— Над чым зараз працуеце?

— Цяпер я нешта вычытваю ды дапрацоўваю. Проза, якую пераважна я пішу, патрабуе шмат часу не толькі пры напісанні, але і на стадыі дапрацоўкі. Напісаць паўтысячы старонак, а пасля тры разы вычытаць той самы тэкст пад сілу толькі цярпліваму чалавеку. Але паўтаруся: цікавасць і любоў да абранай справы здатныя пераадолець усялякія цяжкасці.

— Дзякуй за гутарку. Новых поспехаў вам!

Наталля ШЛЯЖКА

Добавить комментарий

Защита от автоматических сообщений

Понедельник , 15 Октября , 2018   00 : 14

До 1000-летия Бреста осталось
Лента новостей








Опрос