Чароўная, непаўторная, мілагучная наша мова. Напоўнена шчырасцю і любоўю да роднай зямлі і свайго народа. На працягу многіх стагоддзяў складалася з літар у словы, перадавалася з пакалення ў пакаленне, паэты ёй прысвячалі вершы, музыканты складалі песні. Шкада, што ў апошні час яна, як тая знічка, знікае ў небе. Усё менш і менш мы чуем “Прывітанне”, “Дзякуй”, “Дабранач”… Сучасны свет не дае нам мажлівасці, як мага больш звярнуць на гэта ўвагі. Штодзённая мітусня забірае шмат часу, а вольны мы аддаем сям’і, родным, адпачынку... Але праўду кажуць: “Усё цячэ, усё змяняецца”. Упэўнена, што і беларуская мова заззяе на небасхіле.
Брэст не абміне Дзень роднай мовы. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да свята, распачаліся ў горадзе задаўга да 21 лютага. З 15 лютага пачаўся Тыдзень роднай мовы ў філіялах Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Пушкіна. На працягу сямі дзён у сценах кніжнага свету можна пачуць нашу мову праз вершы, песні, кніжныя выставы…
Так, у другім філіяле адбыўся майстар-клас “Беларускія рамёствы”. Учора запрасіў на літаратурнае кафэ шосты філіял, госцем яго стала лектар Наталля Дуброўская. У трэцім пройдзе чытанне беларускіх казак з пісьменніцай Вольгай Сандрыкавай, а яшчэ тут берасцейцы змогуць паткаць на кроснах. Ткацтву павучаць можна і ў Дзіцячай бібліятэцы імя Пушкіна. Майстар-клас пакажа вядомы берасцейскі майстар Юрый Сальнікаў. Бібліятэка “Юнацтва” імя Калесніка запрашае ў кіназал.
Абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі” адбудзецца 21 лютага ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. Пад час яго пройдзе арт-гадзіна з удзелам фіналістаў абласнога конкурсу чытальнікаў “Дорогой мира и добра”, наведвальнікі якой пачуюць вершы знакамітых беларускіх аўтараў. Таксама пройдзе спектакль “Стомлены д’ябал” народнага драматычнага калектыву AURA Драгічынскага гарадскога Дома культуры.
У выставычнай зале на Савецкай, 54 адкрыюцца абласныя выставы-прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці “Жывая спадчына Берасцейшчыны”. Мерапрыемстваў шмат і іншых.
...Можа, ўсё ж памылілася я, што знікае беларуская белая наша мова. Сапраўды, памылілася. Жывая яна. Бліскучая і непагасная!
Наталля ШЛЯЖКА
#мова #беларусь