Калекцыянер Сяргей Грынь расказвае пра выставу ліхтароў і мару адкрыць у Брэсце музей цэглы

572 просмотра 1 комментарий

Гісторыя, культура, традыцыі, родная мова… Без ведаў у кожнай гэтай галіне ці магчыма лічыць сябе сапраўдным беларусам?

Автор фото: Юрый МАКАРЧУК і Марыя МІЦКЕВІЧ
Брэсцкі краязнаўца Сяргей Грынь не ў першы раз знаёміць жыхароў горада з цікавымі старонкамі гісторыі. І робіць ён гэта праз арыгінальныя вернісажы. Апошняя выстава лямп і ліхтароў “Вакол свету” адкрылася ў абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы ў мінулую суботу. Раскажам падрабязней пра яе і пра дзейнасць самога энтузіяста.


– Сяргей, адкуль з’явілася захапленне краязнаўствам?

–Нарадзіўся і вырас я на Лунінеччыне. Як сапраўдны беларус і карэнны паляшук, заўсёды цікавіўся гісторыяй Радзімы. А даведацца пра яе імкнуўся праз вывучэнне старых рэчаў, бо менавіта яны нясуць у сабе непаўторны дух даўніны.

Я з дзяцінства збіраў запалкавыя этыкеткі. Зараз у мяне іх некалькі альбомаў. Часамі з вялікай асалодай перагортваю іх старонкі і ўспамінаю, як старанна іх збіраў.

Калекцыянаванне я пачаў з нумізматыкі, бо некалі ў рукі мне папалася цікавая манетка-барацінка. Затым трапіў у кола нашых калекцыянераў. Цяпер у маёй скарбніцы больш за трыста манет. Апошнім часам яна рэдка папаўняецца, бо з’явіліся больш цікавыя варыянты калекцыянавання.

– Што Вы маеце на ўвазе?

–Я хачу сказаць пра вернісажы. Напрыклад, першы быў прысвечаны цэгле і змясціў больш за 150 гэтых экспанатаў з надпісамі, штампамі, адбіткамі рук, лап і капыт. Дарэчы, іх убачыць змаглі таксама і жыхары Пружан, Камянеччыны. Там выставы знаходзіліся амаль цэлы месяц.
  
Другая сустрэча с берасцейцамі адбылася, калі я сабраў калекцыю рэтраінструментаў, якімі карысталіся нашы дзяды і прадзеды. Затым была выстава прасаў, а зараз – лямп і ліхтароў.

– Якая сустрэча, на Вашу думку, мела найбольшы поспех?

– Напэўна, выстава цэглы. Магчыма таму, што яна была першая і атрымала пэўную зацікаўленасць сярод берасцейцаў. Пасля яе адразу пачалі нараджацца новыя ідэі, дзякуючы якім людзі працягвалі на свае вочы знаёміцца з бытам нашых продкаў.

– У чым асаблівасці апошняй выставы “Вакол святла”?

– Разам с дабрачынным фондам “Фартэфікацыя Брэста” і музеем “Брэст тэатральны” амаль за месяц мы падрыхтаваліся да гэтага мерапрыемства і сабралі больш за сто экспанатаў.

Тут можна ўбачыць усё, пачынаючы з лучыны і заканчваючы сучаснай дызайнерскай лямпай. Рукагрэйка, керасінавыя і карбідныя ліхтары, падсвечнікі, падстаўкі пад запалкі, свечкі савецкіх часоў, мініяцюрныя лямпы… Напэўна, кожны з прысутных адкрыў для сябе шмат чаго пазнавальнага.

Увагу наведвальнікаў прыцягвалі ліхтары, якія выкарыстоўвалі для падсветкі дамоў, або студэнцкія, якіх надоўга хватала і якія можна было перанесці з месца на месца.

Таксама былі прадстаўлены незвычайныя кішэнныя і паштовыя ліхтарыкі, запальнічкі, каганцы і многае іншае. 

– Як Вы знаходзіце новыя экспанаты і дзе іх захоўваеце?

– Людзі ведаюць пра маё захапленне. Таму калі яны ў сваіх дварах, хлявах і хатах знаходзяць нешта цікавае, то часта прыносяць гэта да мяне. Некаторыя з экспанатаў я атрымаў дзякуючы электронным аўкцыёнам.

Акрамя гэтага, я жыву ў чыгуначным раёне горада – на Граеўцы. У свой час, разбіраючы там старую хату і хлявы, давялося знайсці многа цікавага: ліхтары, дошкі, падшклянкі…Зараз некаторыя ліхтары і лямпы выкарыстоўваю дома ў якасці элементаў дэкора: яны сваёй прысутнасцю ўпрыгожваюць старыя куфары і сталы.

Безумоўна, у вёсках цікавага можна знайсці намнога больш, але і ў горадзе некаторыя экспанаты ўсё ж такі трапляюцца. Напрыклад, у Брэсце шмат той жа цэглы. Некалі на Кіеўцы на вуліцы Піваварнай мне трапіўся ўнікальны знаходак – 500-гадовая цэгла са старога горада.

Захоўваю свае здабыткі ў асноўным дома. Якраз зараз для цэглы раблю спецыяльныя паліцы, якія будуць стаяць у прыбудове да хаты. Трэба адзначыць і тое, што часта брастаўчане завітваюць да мяне ў госці, каб сфатаграфавацца з якім-небудзь цікавым прадметам на памяць. І гэта вельмі прыемна.

– Вы маеце любімыя знаходкі?

–Цяжка адразу сказаць. Але, лічу, што гэта цэгла царскіх часоў з адбіткам нагі босага дзіцяці. Гэта па-сапраўнаму гістарычная рэч. Яна датычыцца 1914 года і трапіла ў мае рукі ў інтэнданцкім гарадку.

А яшчэ мне вельмі падабаецца лямпа, якаю я прыдбаў дзякуючы электронным аўкцыёнам. Яна была зроблена ў Кракаве ў 1934 годзе. Шкада, што ў ёй няма гарэлкі і шкла. Трэба сказаць, што з набыццём кожнага экспанату душа радуецца.

– Хто найчасцей прыходзіць на выставы?

– На адкрыцці я часцей заўважаў дарослых людзей. І мне гэта зразумела. Усё ж такі быт нашых продкаў з іх ўспамінамі звязаны больш. Гледзячы на экспанаты, яны, напэўна, адчуваюць нейкую настальгію. Я так гавару, бо сам вельмі добра памятаю, як ляжаў у сваёй бабулі на печцы, а яна прасавала, поступова насыпаючы вугаль. Перад вачыма і керасінавая лямпа, якую запальвалі, калі не было святла.

Што датычыцца экскурсій, то сюды часцей наведваюцца школьнікі або студэнты. Для моладзі, канешне, многія экспанаты не зусім зразумелыя, але пазнаёміцца з імі нікому не пашкодзіць.

– Падзяліцеся сваімі планамі.

– Я хацеў бы адкрыць музей цэглы. Мой калега краязнаўца Аляксей Чысцякоў з Ліды мае такі прыватны музей, дзе змешчаны больш за 500 экспанатаў цэглы, прычым знойдзенай не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, у Расіі. Дарэчы, ён часта прыязджае да мяне ў госці, і мы абменьваемся знаходкамі.

У асноўным свае экспанаты я збіраю па Брэсцкай вобласці, але лічу, што не буду спыняцца толькі на гэтай тэрыторыі. Хочацца дадаць што-небудзь з этнічных беларускіх зямель, напрыклад Вільні, Смаленска, Беластока.

У маіх скарбніцах ужо ёсць некалькі музычных інструментаў – банафон, савецкі і швейцарскі патэфоны. Я ўжо іх нават настроіў.

Цяпер музыка хораша гучыць, як у старых савецкіх фільмах. Думаю, што выстава музычных інструментаў наперадзе.

Вольга КАВАЛЬСКАЯ

1 комментарий

  1. Бандык

    Уiкавы артыкул, дзякуй!

Добавить комментарий

Защита от автоматических сообщений

Суббота , 25 Ноября , 2017   10 : 50

ОНЛАЙН-ГАЗЕТА

Лента новостей








Опрос