Арліная двойня: самая моцная птушка краіны загнездавалася ў Беларусі пасля доўгага перапынку (+фота)

134 просмотра 0 комментариев

Упершыню за дзевяць гадоў у Беларусі паспяхова загнездаваўся арол-маркут – адна з самых буйных птушак Беларусі.

Гняздо з двума птушанятамі падчас экспедыцыі ў Віцебскую вобласць знайшлі арнітолагі Дзяніс Кіцель і Юрый Янкевіч. Дакладнае месца гнездавання трымаецца пад сакрэтам, каб не турбаваць маркутаў: у Беларусі вядома толькі адно гняздо! Каля гнязда ўсталяваныя фотапасткі, таму, калі хтосьці будзе непакоіць птушак, пра гэта стане вядома.

Птушаняты маркута на гняздзе. Фота Дзяніса Кіцеля

Птушаняты маркута на гняздзе. Фота Дзяніса Кіцеля


Апошняе паспяховае гнездаванне маркутаў на гэтым месцы было ў 2010 годзе.

— Апошнія пяць гадоў я наведваў балоты, дзе маркуты калісьці гнездаваліся, — кажа сябра Цэнтральнага савета АПБ Дзяніс Кіцель. — І птушак бачылі, і на гнёздах былі актыўнасці, але беспаспяховыя. І вось нарэшце ў гэтым годзе пашчасціла.

Біятоп арла-маркута. Фота Дзяніса Кіцеля

Біятоп арла-маркута. Фота Дзяніса Кіцеля


— У арлоў-маркутаў выжывае звычайна толькі адно птушаня, таму навіна ўдвая прыемнейшая, — дзеліцца ўражаннямі старшыня Брэсцкага аддзялення АПБ Юрый Янкевіч. – Відаць, арлам сёлета хапіла корму, каб пракарміць малых. Да вылету з гнязда ім яшчэ прынамсі два тыдні.

На той жа тэрыторыі, што і цяпер, паспяховы вывадак з двух птушанят быў адзначаны ў 1985 і 2005 гадах.

Птушаняты маркута. Фота Уладзіміра Іваноўскага

Птушаняты маркута. Фота Уладзіміра Іваноўскага


Тут з 1976 года маркуты выкарыстоўвалі два натуральныя гнязды і тры штучныя, пабудаваныя вядомым арнітолагам Уладзімірам Іваноўскім, ганаровым сябрам АПБ. За сваю шматгадовую дзейнасць па вывучэнні драпежных птушак, якім ён актыўна дапамагаў і дапамагае загнездавацца, робячы штучныя гнёзды, ён атрымаў званне Абаронцы дзікай прыроды BirdLife International.

Алеся БАШАРЫМАВА, https://ptushki.org

Понедельник , 13 Июля , 2020   19 : 19
Лента новостей
Опрос