Анёл над Брэстам

454 просмотра 0 комментариев

Вянок санетаў.

І.
Край прыгранічны лёсам стаў адзіным
З часоў мінулых, велічных падзей.
Чароўным сказам даўніх успамінаў
Мой Брэст-Бярэсце летапіс вядзе.
Спрадвечным словам шлях занатаваны,
Крыніцай памяць—нашы карані.
З малітваю над горадам лунае
Анёл Дабра, Любові, Чысціні.

Вітае веру, прычашчэнне, споведзь
І суцяшэнне ў ісціне знаходзіць
Святы пасланнік Божы над Зямлёй:
І зычыць Неба людзям жыць у згодзе,
Свяціцца сінявокай дабрынёй,
І лініяй жыцця, і вышынёй.

ІІ.
І лініяй жыцця, і вышынёй
Кіруемся... І помніцца былое--
Пра даўнюю легенду з сівізной,
Калі здарэнне выпала такое:
Абозам ехаў продак на прасцяг,
А тут дрыгва... І стаў ён з асцярогай
Гаціць бяростаю свой новы шлях...
І ўладкаваў гандлёвую дарогу.

Калі ж купец вяртаўся з-за граніцы,
З удзячнасцю за добрую гадзіну,
На гэтым месцы збудаваў капліцу,
Каб на “бярэсце” дзе было маліцца...
Прыбужжа край нашчадкам стаў
любімы–
Тут пачынаецца мая Радзіма.

III.
Тут пачынаецца мая Радзіма
Бацькоўскай праўды, волі і вясны.
З дзяцінства родныя мясціны
Не раз вяртаюцца ў начныя сны...
Героі-сімвалы на пастаменце
З вытокаў даўніх, мірных, баявых
Бяспечны шлях вітаюць даўгалеццем,
Благаслаўляюць подзвігам жывых.
Там, дзе сутокі Мухаўца і Буга,
Прывабная, утульная акруга,
Узняўся Храм на радасць і спакой.
Бягуць, шумяць гады ў зялёным звоне,
Мы з імі быць жадаем у палоне
Любоўю, думкай, сэрцам і душой.

IV.
Любоўю, думкай, сэрцам і душой
Спасцігнуць смутак, радасць і трывогі
Далёкіх продкаў, дзейсны іх настрой,
І будучыя новыя дарогі...
Адметная дзяржаўная асоба:
Ўладзімір-князь-Васількаў—эрудыт:
Філосаф...кніжнік...з мэтавай вучобай...
І ў справах будаўнічых меў свой спрыт.

Даўнейшы вопыт, сведка тых падзей,
Шляхамі магдэбургскімі вядзе.
Зямля бацькоў здабыткамі багата
З глыбінных тых засведчаных часоў,
З надзейнаю падтрымкаю сыноў
Брэст прычасціўся велічнаю датай.

V.
Брэст прычасціўся велічнаю датай,
Імгненнямі засведчаных драбніц.
Сплятаюцца гады вянком стракатым,
Зачараваннем даўніх таямніц.
Жыццёвы летапіс святога Княства
З сярэднявеччам гутарку вядзе.
Вялікі Вітаўт умацоўваў брацтва,
Каб не была Дзяржава ў бядзе.

З,ядналіся суседнія краіны
Пад Грунвальдам дружынаю адзінай
І бітвай адстаялі мірны дом.
Бягуць вякі ў народным карагодзе—
Ад мора і да мора жыць у згодзе—
З удзячнасцю перад мінулым днём.

VI.
З удзячнасцю перад мінулым днём
Мікола Радзівіл з мянушкай Чорны
Здзівіў свой час прагрэсам і святлом:
Яго рэформы—спадчынаю зорнай.
Пры ім рамёствам—творчая дарога,
Статут дзяржаўны грамадзянскіх праў.
Надзейнаю прыступкаю да Бога—
Святое слова для жыццёвых спраў.

У Брэсцкай Бібліі—сустрэча з духам
І сімвал радзівілаўскіх рэформ.
Той даўні час стаў цудадзейным зрухам:
Друкарняй першай абнавіўся дом.
Падзея гэта з падарункам свята--
Шчыруем верай, словам і заняткам.

VII.
Шчыруем верай, словам і заняткам.
У сэрцы вобраз Маці назаўжды
Мелодыяй чароўнай калыханкі
І сонцам ласкавым ва ўсе гады.
Мы ў найсвяцейшым матчыным палоне
Сваіх шчаслівых, бестурботных дзён...
Услаўлена палеская Мадонна—
Яе жыццёвы мацярынскі плён.

І абярэг спагадлівы настрою:
Радзіма-маці з чулаю душою
Вітае і руплівасць, і пад,ём.
Яскравы бачым рост на роднай ніве
Здзяйсненняў велічных, імклівых.
І гутарку з эпохаю вядзём.

VIII.
І гутарку з эпохаю вядзём
Выпрабаваннем незабыўнай даты--
Айчынны пераможны марафон,
Што здзейснілі савецкія Салдаты.
Над Бугам ззяе Цытадэль адвагай.
Штык-абеліск, як вартавы пад сонцам.
Сілкуе “Мужнасць” і гартуе “Смага”--
Строй вечна непахісных абаронцаў.

Схіляецца галінкамі вярба—
Слязінкі памяці вайны над хваляй.
У Вечнага агню святло-журба:
“Стояли насмерть! Героям слава!”
Над роднаю прасторай вецер вольны,
Наш горад--працаўнік, пясняр і воін.

IX.
Наш горад--працаўнік, пясняр і воін,
З пабудкаю вясноваю пара.
І яркай зоркай на нябесным фоне
Касмічна-зорнага календара.
Пятро Клімук праклаў маршрут не блізкі:
Геройскі ўзняўся тройчы над Зямлёй.
У касманаўта—брэсцкая прапіска:
Калыскаю, бульварам і душой.

Святло плыве духоўнасці здалёк.
Сярод сузор,я сімвал-васілёк,
І родны край прыбужскі красамоўны.
Жыццё шыбуе за вітком віток,
Касмічна-упрыгожаны вянок
Вялікасці гісторыі дастойны.

Х.
Вялікасці гісторыі дастойны
Сыны Зямлі за вернасць і любоў,
Што ўслаўляюць кут свой родны
І сэрцам саграваюць край бацькоў.
Якія ж дынамічныя сюжэты—
І вопыту, і маладосці сплаў!..
Натхняюць землякоў і вёсны-леты
Стваральнага гарэння новых спраў.

Яны вось тут, ва ўсіх навідавоку,
Радзімы любай родныя вытокі,
І векавы духоўны маніфест.
Наш Брэст--культурная
сталіца творча,
Шыракаплынна ў будучыню крочыць,
Юначай думкай напаўняе змест.

ХI.
Юначай думкай напаўняе змест
Імкненне парадніцца з вышынёю.
З мінулага--у будучае тэкст,
Засведчаны і словам, і душою,
І музыкай спартыўнай перамогі,
І радасцю святла алімпіяд.
Пракладзены былінныя дарогі
У дасягальны творчы зарапад.

Майстэрства конкурсаў—выдатны
знак,
Прыемна радуе медальны смак,
Апладысментаў гром і слоў мядовых.
Бягуць, спяшаюцца ў даль гады,
Настрой узнёслы, святам прызавы,
На скрыжаваннях Тысячагадовых.

ХII.
На скрыжаваннях Тысячагадовых,
Падзеяў важных, мірных, баявых
Развагай Летапісец шматбакова
Сузор,яў сэнс і велічнасць спасціг.
Старонкі ажылі, што
на скрыжалях
Гісторыі існуючай мяжы.
Прыметнай і праўдзівай сведкай сталі
Святыя векапомныя крыжы.

Дзяржаўнай вышынёю Беларусь
Сцвярджае сэрцам справядлівы курс:
Любіць Айчыну, даражыць свабодай
І мацаваць з суседзямі саюз.
Будзь бласлаўлёна, наша Беларусь,
У радасці, у квецені садовай!

ХII.
У радасці, у квецені садовай
Гучыць, звініць спагадлівы прастор.
Анёл над Брэстам—вечная ахова,
Дабраслаўленне і жывы дазор.
Імёны вуліц, плошчаў і праспектаў
Засведчылі геройскіх землякоў.
Іх подзвігі паэтамі апеты
У адраджэнскіх гімнах шчырых слоў.

Жыццё напоўнена святлом надзеі,
Гарачай хваляй радаснай падзеі—
Былых стагоддзяў крэўны сілуэт.
Твае гады душэўна даспадобы
Вышынямі сыноўскімі заўсёды,
Жыві і прыгажэй, мой родны Брэст!

ХII.
Жыві і прыгажэй, мой родны Брэст!
Няхай заўсёды радуюць заранкі
Твой маляўнічы роднасны партрэт
Высотак сонечных і вечных замкаў.
Люблю чароўнасць квецені вясны,
Здабыткаў працай велічы і сілы.
Маршрут прамы і новы аб,язны
Праспектамі пад мірным небасхілам.

Струменяцца падзеі дзень за днём,
Былое помнім, будучым жывём
І велічаем Брэста імяніны.
Плывуць у вечнасць светлыя гады,
Для пакаленнняў шлях наш малады--
Край прыгранічны лёсам стаў адзіным.

Магістраль
Край прыгранічны лёсам стаў адзіным:
І лініяй жыцця, і вышынёй.
Тут пачынаецца мая Радзіма
Любоўю, думкай, сэрцам і душой.
Брэст прычасціўся велічнаю датай
З удзячнасцю перад мінулым днём.
Шчыруем верай, словам і заняткам
І гутарку з эпохаю вядзём.

Наш горад—працаўнік, пясняр і воін—
Вялікасці гісторыі дастойны,
Юначай думкай напаўняе змест...
На скрыжаваннях Тысячагадовых
У радасці, у квецені садовай
Жыві і прыгажэй, мой родны Брэст!

Георгій Тамашэвіч, Брэст

Среда , 20 Марта , 2019   13 : 03

Лента новостей








Опрос